Вайна

Расея ніколі не прайгравала войнаў? Топ-10 доказаў, што гэта не так

Расейская армія атакуе Бамут падчас першай чачэнскай вайны. 1 траўня 1996 года. Фота: Georges DeKeerle / Sygma / Getty Images
Расейская армія атакуе Бамут падчас першай чачэнскай вайны. 1 траўня 1996 года. Фота: Georges DeKeerle / Sygma / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Расейская прапаганда часта заяўляе, што Расея не прайграла ніводнай вайны. За ёй гэта часам паўтараюць і замежныя палітыкі. Гэтым, маўляў, тлумачыцца, што Крэмль не можа прайграць і вайну супраць Украіны. Аднак насамрэч, як Расея, гэтак і СССР, правапераемніцай якога з’яўляецца сённяшняя РФ, прайгралі шмат войнаў. «Белсат» сабраў топ прыкладаў гэтага.

Карта, на которой нет России

7 мапаў, на якіх няма Расеі

навіны

Пра тое, што Расея нібы не прайграла ніводнай вайны, кажа як расейская прапаганда, гэтак і ейныя афіцыйныя асобы. Напрыклад, сёлета кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што «гісторыя не ведае паразы Расіі ні ў адной з войнаў, якія пагражалі яе суверэнітэту».

«Расія заўсёды выйгравала любую вайну, калі гэтая вайна станавілася народнай. Так было заўсёды. Мы абавязкова выйграем і гэтую вайну: і „гарачую“, і эканамічную, і тую самую псіхалагічную, інфармацыйную вайну, якая вядзецца супраць нас», – казаў у 2022 годзе намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка.

Губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер летась пайшоў яшчэ далей і заявіў, што Расея не толькі ніколі не прайграе, але яшчэ і «заўсёды перамагае, бо Расея – вялікая, вялікая краіна».

,,

«Расея ніколі не перамагае дзякуючы, яна заўсёды перамагае насуперак абставінам, але дзякуючы велічы расейскага народа», – удакладняў прапагандыст Уладзімір Салаўёў.


Пра шторазовыя перамогі над «паходамі розных еўрапейскіх ордаў на Расею за многія стагоддзі» піша і часопіс МЗС РФ «Международная жизнь». І гэтыя заявы ў выніку выходзяць за межы РФ. Іх пачынаюць паўтараць замежныя палітыкі. Напрыклад, кандыдат у прэзідэнты ЗША Доналд Трамп на перадвыбарчым мітынгу 25 верасня пахваліў перамогі Расеі ў ранейшых канфліктах, каб высмеяць дапамогу ЗША Украіне і выказаць здагадку, што Масква не прайграе і гэтую вайну.

Але гістарычная рэальнасць такая, што Расея на розных сваіх гістарычных этапах – і як Маскоўскае царства, і як Расейская імперыя, і як СССР – прайгравала войны. І некаторыя з гэтых прайграных войнаў адбыліся яшчэ на памяці тых, хто жыве сёння.

Войны з Рэччу Паспалітай і Швецыяй

Доўгі час галоўным супернікам Маскоўскага царства на заходнім кірунку былі Вялікае Княства Літоўскае і пазней Рэч Паспалітая, а таксама Шведскае Каралеўства. Найбольш яскравым пройгрышам у супрацьстаянні з імі можна назваць Інфлянцкую вайну. Пачалося ўсё з паспяховага нападу ў 1558 годзе расейскага цара Івана IV (у беларускіх летапісах яго называюць Тыранам) на Інфлянцкі ордэн. Той папрасіў пра дапамогу Вялікае Княства Літоўскае, далучыўшыся да яго ў якасці княстваў Курляндыя і Земгалія. Аднак і войскі ВКЛ не далі рады з маскоўскімі, якія ў 1563 годзе захапілі Полацк. У выніку ўжо ВКЛ мусіла падпісаць унію з Польшчай, утварыўшы Рэч Паспалітаю. У 1579 годзе аб’яднаныя войскі здолелі вызваліць Полацк і неўзабаве перанесці баявыя дзеянні на маскоўскую тэрыторыю. Таксама да вайны далучылася Швецыя. У выніку Масква ў 1582-1583 гадах была вымушаныя адмовіцца ад усіх заваяванняў, прызнаць Інфлянты за Рэччу Паспалітай і Швецыяй, а таксама перадаць ім некаторыя памежныя тэрыторыі. У самой Масковіі вайна сталася адной з перадумоваў Смуты пачатку XVII стагоддзя.

Расейскія войскі ў Інфлянтах у 1577-1578 гадах падчас Інфлянцкай вайны. Выява: Іаган Якаб / Wikimedia Commons / Public Domain
Расейскія войскі ў Інфлянтах у 1577-1578 гадах падчас Інфлянцкай вайны. Выява: Іаган Якаб / Wikimedia Commons / Public Domain

У выніку Смуты ў Расеі пачаліся грамадзянскія канфлікты, што суправаджаліся ўмяшальніцтвам суседніх дзяржаваў, якія падтрымлівалі сваіх стаўленікаў на маскоўскі пасад. Вынікам гэтага сталіся прайграныя новыя войны з Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Масковія спачатку ў 1617 годзе прызнала страту выйсця да Балтыйскага мора і шэрагу крэпасцяў на карысць шведаў, а затым у 1618 годзе перадала Рэчы Паспалітай Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну і Старадубшчыну. У 1632 годзе яна пачала Смаленскую вайну, жадаючы вярнуць гэтыя землі, але не дала рады.

Пруцкі паход

Няўдалай для Расеі была і вайна з Асманскай імперыяй 1710-1713 гадоў. Падчас Паўночнай вайны супраць Швецыі Пётр І вырашыў ударыць па саюзнай Швецыі Асманскай імперыі, пачаўшы ў 1711 годзе паход у залежныя ад асманаў Малдавію і Валахію. У гэтым паходзе ён удзельнічаў асабіста, але ў выніку быў прыціснуты разам з войскам да ракі Прут. У выніку Пётр І быў вымушаны пайсці на цяжкія саступкі Асманскай імперыі, вярнуўшы ёй усе землі, заваяваныя ў ранейшай вайне, у тым ліку ўзбярэжжа Азоўскага мора з Азовам.

Хівінскія паходы

Яскравымі прыкладамі няўдалых вайсковых паходаў Расеі з’яўляюцца два паходы, учыненыя з розніцай у больш як сто гадоў супраць Хівінскага ханства са сталіцай на тэрыторыі сённяшняга Узбекістану. Першым у 1717 годзе свае войскі паслаў Пётр І, але яны былі амаль цалкам знішчаныя хівінцамі. Няўдалым быў і паход 1839-1840 гадоў ужо пры Мікалаі І. Узяць Хіву расейскія войскі здолелі толькі ў 1873 годзе, але і пасля гэтага ханства захоўвала аўтаномію, якая была канчаткова знішчаная толькі ў 1920 годзе ўжо Савецкай Расеяй.

Расейскія войскі ўваходзяць у Хіву. 1873 год. Выява: Мікалай Каразін / Wikimedia Commons / Public Domain
Расейскія войскі ўваходзяць у Хіву. 1873 год. Выява: Мікалай Каразін / Wikimedia Commons / Public Domain

Войны з Напалеонам

Расея сапраўды здолела адбіць уварванне напалеонаўскіх войскаў у 1812 годзе, як пра гэта згадdае нават Трамп. Але пры гэтым прайграла дзве вайны з Напалеонам. Спачатку Расея ў саюзе з Вялікай Брытаніяй, Аўстрыяй, Швецыяй, Неапалітанскім Каралеўствам, Сіцыяліяй і Чарнагорыяй прайграла вайну 1805 года, а затым у саюзе з Вялікай Брытаніяй, Прусіяй, Саксоніяй, Швецыяй, Сіцыяліяй і Чарнагорыяй – вайну 1806-1807 гадоў. Паводле мірных дамоваў, яна абавязвалася далучыцца да французскай блакады Вялікай Брытаніі, дапамагаць Францыі ў войнах і не перашкаджаць ёй на Балканах, прызнавала тэрытарыяльныя змены ў Еўропе. Парыж пры гэтым пагаджаўся на далучэнне да Расеі Фінляндыі і Беласточчыны.

Крымская вайна

У 1853 годзе расейскія ўлады, карыстаючыся аслабленнем Асманскай імперыі, акупавалі аўтаномныя княствы Малдавіі і Валахіі. На патрабаванне Стамбулу, Лондану і Парыжу вывесці свае войскі Мікалай І не адрэагаваў, што спрычынілася да абвяшчэння вайны. Баявыя дзеянні разгортваліся на Каўказе, у Дунайскіх княствах, на Балтыйскім, Чорным, Азоўскім, Белым і Баранцавым морах, у нізоўях Амура, на Камчатцы і Курылах, але перадусім у Крыме. Нанёсшы паразы Расеі і захапіўшы часткова паўвостраў, саюзнікі прымусілі Санкт-Пецярбург да падпісання мірнай дамовы. Расея прызнавала далучэнне дэльты Дунаю да Асманскай імперыі, далучэнне паўднёвай Бесарабіі да Малдаўскага княства і дэмілітарызацыю Чорнага мора і Аландскіх астравоў у Балтыйскім. У самой Расейскай імперыі вайна сталася адной з прычынаў лібералізацыі і рэформаў.

Штурм французамі Малахава кургану, галоўнага расейскага ўмацавання перад Севастопалем у Крыме 7 верасня 1855 года. Выява: William Simpson / Wikimedia Commons / Public Domain
Штурм французамі Малахава кургану, галоўнага расейскага ўмацавання перад Севастопалем у Крыме 7 верасня 1855 года. Выява: William Simpson / Wikimedia Commons / Public Domain

Расейска-японская вайна

Гэты канфлікт адносіцца да ліку найбольш узорных вайсковых паразаў Расеі. Жадаючы ўмацаваць свае пазіцыі на Далёкім Усходзе, царскія ўлады сутыкнуліся з аналагічнымі памкненнямі Японіі. Не здолеўшы развязаць супярэчнасці мірам, бакі ў 1904 годзе ўвязаліся ў наўпроставае вайсковае супрацьстаянне. Першапачаткова сярод расейскага грамадства і элітаў панавалі шапказакідальніцкія настроі, але хутка японскія войскі здолелі знішчыць расейскі вайскова-марскі флот, захапіць апорную крэпасць Порт-Артур і ўзяць пад кантроль чыгуначныя сувязі. Канчаткова разгромленая ў наземнай бітве пад Мукдэнам і ў марской каля вострава Цусіма, Расея ў жніўні 1905 года падпісала мірную дамову. Царскія ўлады пагадзіліся амаль на ўсе ўмовы Токіа, у тым ліку перадачу Японіі Порт-Артуру і Паўднёвага Сахаліну і прызнанне японскага ўплыву ў Карэі. У самой Расеі ў 1905 годзе пачалася рэвалюцыя, якая спрычынілася да частковай лібералізацыі.

Войны з Латвіяй, Літвой, Польшчай, Эстоніяй і Фінляндыяй

Да прайграных войнаў адносяцца і канфлікты бальшавіцкіх уладаў з новымі краінамі, што паўсталі ў выніку Першай сусветнай вайны і рэвалюцыяў у Расеі. Здолеўшы задушыць незалежніцкія нацыянальныя рухі, напрыклад, у Беларусі і ва Украіне, разграміць на розных фронтах «белых», Савецкая Расея тым не менш панесла паразу ад чатырох краінаў, якія паўсталі на заходніх ускраінах былой імперыі. У выніку падпісанай 2 лютага 1920 года мірнай дамовы Масква прызнала незалежнасць Эстоніі, 12 ліпеня – Літвы, 11 жніўня – Латвіі, 14 кастрычніка – Фінляндыі. 18 сакавіка 1921 года савецкія ўлады, якія збіраліся ісці «на Варшаву, на Берлін», былі вымушаныя падпісаць Рыжскую мірную дамову, не толькі прызнаючы незалежнасць Польшчы, але і аддаючы ёй часткі беларускіх і ўкраінскіх этнічных земляў. Мір з гэтымі краінамі працягнуўся да 1939 года.

Уварванне савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Крыніца: The Central Intelligence Agency / Wikimedia Commons / Public Domain
Уварванне савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Крыніца: The Central Intelligence Agency / Wikimedia Commons / Public Domain

Халодная вайна

Халодная вайна, што цягнулася з 1946 да 1991 года, не была вайной у поўным сэнсе гэтага слова, бо яе галоўныя бакі практычна не сутыкаліся паміж сабою наўпрост. Яна ўяўляла сабою глабальнае геапалітычнае, ваеннае, тэхналагічнае, эканамічнае і ідэалагічнае супрацьстаянне паміж сацыялістычным блокам на чале з СССР і капіталістычным на чале з ЗША. Халодная вайна суправаджалася гонкай звычайных і ядравых узбраенняў, эканамічнымі санкцыямі і гарачымі канфліктамі ў розных канцах свету. Два блокі сутыкаліся паміж сабою ў Карэі, В’етнаме, учынялі вайсковыя інтэрвенцыі, падтрымлівалі канфліктуючыя бакі, а Берлінскі ці Карыбскі крызісы ледзь не выліліся ў Трэцюю сусветную. Але ў выніку ў 1989-1991 гадах сацыялістычны блок разваліўся, прасавецкія Арганізацыя Варшаўскай дамовы і Савет эканамічнай узаемадапамогі зніклі, а сам СССР распаўся на 15 незалежных дзяржаваў.

Савецка-афганская вайна

Скарыстаўшыся палітычным крызісам у Афганістане і жадаючы не дапусціць яго збліжэння з капіталістычным блокам, улады СССР у 1979 годзе прынялі рашэнне ўвесці войскі ў краіну. Спецназ КДБ здолеў узяць штурм палац кіраўніка Афганістану і ліквідаваць яго самога, замяніўшы на больш лаяльнага. Таксама войскі СССР хутка ўзялі пад кантроль большую частку тэрыторыі і межы краіны. Аднак яны не змаглі даць рады з паўстанцамі, якіх падтрымлівалі краіны Захаду, ісламскага свету і Кітай. Таксама супраць СССР былі ўведзеныя моцныя санкцыі, якія ўдарылі па яго эканоміцы. У выніку Савецкі Саюз, які трапіў у глыбокі крызіс, у 1989 годзе быў вымушаны вывесці свае войскі з Афганістану. Страты СССР ацэньваюцца ў больш як 15 тысячаў вайскоўцаў. Вайна ў Афганістане моцна паспрыяла пройгрышы СССР у Халоднай вайне, а ў 1992 годзе паў і прасавецкі афганскі рэжым.

Расейскі верталёт, збіты чачэнскімі сепаратыстамі. Снежань 1994 года. Крыніца: Міхаіл Яўстаф'еў / Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0 (edited)
Расейскі верталёт, збіты чачэнскімі сепаратыстамі. Снежань 1994 года. Крыніца: Міхаіл Яўстаф'еў / Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0 (edited)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі трымаюць партрэты прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і лідара Чачэніі Рамзана Кадырава падчас мітынгу ў гонар Дня народнага адзінства ў Грозным, Чачэнская Рэспубліка, Расея. 4 лістапада 2019 года. (Фота: Musa Sadulayev / AP Photo / East News)

«Вупыру пастаянна патрэбная кроў». Як жыве пад кадыраўцамі і рыхтуецца да свабоды Чачэнія

навіны

Першая Чачэнская вайна

Са снежня 1994 года па жнівень 1996 года ўся 148-мільённая Расейская Федэрацыя вяла вайну супраць маленькай Ічкерыі, насельніцтва якой было ў 100 разоў меншым. Яшчэ на самым яе пачатку РФ знішчыла ўсю чачэнскую авіяцыю, увесь час мела поўнае панаванне ў небе і колькасную перавагу ў тэхніцы і ў жывой сіле. Замежная дапамога ічкерыйскім уладам заключалася толькі ў падпольных пастаўках стралковай зброі і іншых боепрыпасаў, а таксама ва ўдзеле ў вайне добраахвотнікаў. Тым не менш, страціўшы паводле розных крыніц ад 4 да 17 тысячаў вайскоўцаў, Масква ў жніўні 1996 года была вымушаная падпісаць Хасаўюртаўскія пагадненні і вывесці свае войскі. Рэспубліка Ічкерыя фактычна дамаглася прызнання сваёй незалежнасці, якую яна аднак страціла ўжо ў выніку Другой чачэнскай вайны.

Так што, ў гісторыі хапае прыкладаў прайграных Расеяй войнаў. А значыць, і вайну супраць Украіны ёй зусім не наканаваны выйграць.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10