Сайт s13.ru, які піша пра жыццё Горадні і вобласці, не абнаўляецца цягам некалькіх дзён. Гэта можа быць звязанае з прызнаннем яго «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Право имеют», атрыманай з некалькіх крыніцаў, сайт сапраўды маглі прызнаць «экстрэмісцкім».
Праўда, у Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які публікуе Міністэрства інфармацыі, ніякіх згадак ні пра сам сайт, ні пра яго сацыяльныя сеткі няма.
Як звяртаюць увагу аўтары тэлеграм-каналу «Право имеют», на гэтым тыдні ў Горадні сапраўды адбываўся суд аб прызнанні «экстрэмісцкім» нейкага сайту, але ў судовым раскладзе не было пазначана, што гэта за рэсурс.
У той жа час вядома, што ўладальніка сайту s13.ru Сяргея Чабоцьку не так даўно затрымлівалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», што магло стаць падставай для чутак пра прызнанне «экстрэмісцкім» і сайта s13.ru.
Рэсурсу s13.ru ужо амаль дваццаць гадоў. Некаторыя апублікаваныя на ім тэксты набіраюць вялікую колькасць паглядаў – да 20 і 100 тысячаў, што для рэгіянальнага сайту сапраўды значныя лічбы. Акрамя таго, у сацыяльных сетках s13.ru мае шмат падпісальнікаў: на акаўнт у Instagram падпісаныя 82 тысячы асобаў, у Telegram – 14 тысячаў.
Улады Беларусі працягваюць ціск на рэсурсы, якія могуць выказваць пра палітычныя і культурніцкія падзеі ў краіне пазіцыю, адрозную ад афіцыйнай. Так, 16 кастрычніка стала вядома, што на тэрыторыі Беларусі перастаў адкрывацца сайт Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў bellit.infо.
Раман Шавель belsat.eu