Узводзіць сістэму ўмацаванняў на беларуска-польскай мяжы «Шчыт Усход» пачнуць найбліжэйшымі днямі.
Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра і кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, выступаючы з нагоды 106-й гадавіны Генеральнага штабу Войска Польскага.
Касіняк-Камыш падзякаваў вайскоўцам за ахову межаў і падтрыманне грамадзянаў, адзначыўшы, што палякі маюць адчуваць падтрымку арміі штодня.
Гаворачы пра «Шчыт Усход», намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што першыя ўмацаванні будуць узведзеныя ўжо ў хуткім часе.
,,«Шчыт Усход» – гэта ўжо не проста план, дапушчэнне, пастанова Рады міністраў, але пасля праведзеных намі выпрабаванняў… я магу з упэўненасцю сказаць: найбліжэйшымі днямі пачнецца будаўніцтва «Шчыта Усход» – прыводзіць PAP словы кіраўніка Мінабароны.
Нагадаем, што пастанову стварыць нацыянальную праграму «Шчыт Усход» прынялі 10 чэрвеня 2024 года. Ужо 4 кастрычніка намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў, што будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы з Беларуссю і Расеяй, прадугледжанае праграмаю «Шчыт Усход», распачнецца ў канцы 2024-га.
«Шчыт Усход» будзе каштаваць Польшчы каля 10 мільярдаў злотых (амаль 2,5 мільярда долараў). Умацаванні ахопяць Паморскае, Вармінска-Мазурскае, Люблінскае, Падляскае і Падкарпацкае ваяводствы. У яго межах будуць пабудаваныя ўмацаванні і натуральныя перашкоды на мясцовасці, на некаторых участках мяркуецца размяшчэнне мінных палёў, фізічных бар’ераў на тып бетонных супрацьтанкавых рагачоў і лініяў абароны з бетоннымі блокамі. Завяршыць рэалізацыю праекту плануюць у 2028 годзе.
Раман Шавель belsat.eu