навіны

Другая запар параза футбольнага менскага «Дынама» ў еўракубках

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Футбольный клуб «‎Динамо-Минск»‎ / VK
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Футбольный клуб «‎Динамо-Минск»‎ / VK
podpis źródła zdjęcia

Менскае «Дынама» правяло свой другі матч на агульным этапе Лігі канферэнцыяў 24 кастрычніка. Гэтым разам у Хельсінкі, супраць HJK і саступіла ў драматычнай гульні, тры галы менскага клубу былі адмененыя, з поля выдалілі форварда гасцей, а з трыбуны вывелі заўзятараў з бел-чырвона-белым сцягам.


Усё вызначыў гол у другім тайме


Перад гульнёю з «Дынама» HJK не мог перамагчы ў шасці гульнях запар, а ў чатырох саступіў і нават не забіў галоў. Нешчаслівая серыя скончылася з прыездам гасцей з Беларусі. Адзіны легальны гол у гэтай сустрэчы ў самым пачатку другой паловы гульні забіў 19-гадовы Ліям Мёлер. У канцы другой паловы форвард «Дынама» Трафім Мельнічэнка, толькі з'явіўшыся на полі, выбіў мяч рукою з уласнай брамы і быў выдалены з поля, але галкіпер менскага клубу і зборнай Беларусі Фёдар Лапавухаў спачатку адбіў пенальці, а на апошняй хвіліне гульні аддаў галявую перадачу, але гол не быў залічаны. Усяго за гульню былі адмененыя адразу тры мячы «Дынама».


Фіны не хацелі гуляць з менскім «Дынама», але іх прымусіў УЕФА


Праўда, гэтая гульня магла не адбыцца ўвогуле: фінскі клуб не вельмі хацеў гуляць з камандаю, што рэпрэзентуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, але мусіў. Кіраўніцтва менскага «Дынама» заявіла, што не будзе арганізоўваць групаў сваіх заўзятараў на два найбліжэйшыя матчы ЛК – у Хельсінкі і Варшаву.


Чаму так, запыталіся журналісты на прэс-канферэнцыі перад гульнёй з фінамі ў галоўнага трэнера менскага клубу Вадзіма Скрыпчанкі. Але трэнер «Дынама» сказаў, што будзе адказваць толькі на пытанні, наўпрост звязаныя з гульнёй. Як сцвярджаюць нашыя крыніцы, перад выездам за мяжу з беларускімі спартоўцамі, як у савецкі час, праводзяць інструктаж на тэму, як трэба сябе паводзіць у не сяброўскіх краінах. І гэта адна з прычынаў, што гульцы і трэнеры гатовыя размаўляць толькі пра футбол.


Фінская каманда не хацела гуляць супраць каманды з краіны, дзе пануе дыктатура і якая падтрымала вайну в Украіне, але была вымушаная выйсці на поле.


«Вядома, у прынцыпе мы маглі б абвесціць, што не хочам гуляць супраць Менску, але гэта таксама азначала б, што нам давядзецца адмовіцца ад месца ўва ўсёй Лізе канферэнцыяў», – сказаў фінскім медыям прэс-аташэ HJK Пэка Мянт’юля і дадаў, што гульню супраць «Дынама» шмат абмяркоўвалі ў клубе і камандзе.


Не вельмі хацелі гуляць з клубам, што наўпрост належыць сілавым структурам Лукашэнкі, і ў Варшаве, і Капэнгагене, але ў УЕФА прадбачылі такі варыянт падзеяў, таму клубы былі папярэджаныя пра кошт байкоту.


«УЕФА мала цікавіць палітычная сітуацыя, для іх важны максімальны заробак. Таму яны намагаюцца выключыць усялякія рызыкі. Каманды таксама рыхтуюцца, укладваюць шмат высілкаў, і траплянне ў асноўны этап еўракубкаў – гэта прэстыж і грошы», – адзначае наш суразмоўца, беларускі журналіст, які цяпер у Беларусі.


Ён адзначае, што робіць шмат намаганняў, каб увогуле вярнуць еўрапейскі футбол у Беларусь:


«Глядзіце, некаторыя апазіцыйныя палітыкі намагаюцца выключыць беларускі футбол з міжнароднага календара, але мы бачым, што мінімум да канца 2025 года гэтага зрабіць не ўдасца. Усе футбольныя ўлады Еўропы размаўляюць не з Латушкам, а з афіцыйнымі прадстаўнікамі АБФФ, і ім увогуле няважна, што прызначэнне гэтых людзей не магло быць без згоды Лукашэнкі. Вядома, адзінкавыя спробы байкоту будуць, але яны наўрад ці стануцца масавыя».


Пакуль прынцыповай пазіцыі прытрымліваецца Літва і Эстонія. Жаночая зборная Літвы адмовілася гуляць са зборнай Беларусі ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. Гэта каштавала літоўкам штрафу і шасці пунктаў, якіх якраз не ставала для выхаду ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы. Таксама гуляць з Беларуссю адмовіліся зборныя Літвы і Эстоніі па пляжным футболе. Гэта адбылося на стадыі плэй-оф, і кошт для балтыйскіх зборных быў даволі высокі – выбыванне з турніру. Абмяркоўвалася пытанне, што футбалістам нацыянальнай мужчынскай зборнай могуць не даць брытанскіх візаў, каб яны трапілі на гульню Лігі нацыяў супраць Паўночнай Ірландыі ў лістападзе. Але ў выніку яны ўсё ж атрымалі дазвол на ўезд у краіну.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Футбольный клуб «‎Динамо-Минск»‎ / VK
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Футбольный клуб «‎Динамо-Минск»‎ / VK

БЧБ пад забаронаю


У пачатку гульні ў гасцявым сектары «Дынама» (які, яшчэ раз нагадаем, афіцыйна не збіраўся) з'явіліся два заўзятары з нацыянальнымі сцягамі і гербам Пагоняй. У выніку заўзятараў вывелі са стадыёну. Як правіла, ідэолагі камандаў, што рэпрэзентуюць рэжым Лукашэнкі, просяць прыбіраць бел-чырвона-белыя сцягі, і ахова выконвае іхныя пажаданні. Гэта адбываецца, бо УЕФА не прызнае БЧБ за афіцыйную сімволіку, таму заўзятары з нацыянальнаю сімволікаю выводзяццца са стадыёну.


Як менскі клуб трапіў у асноўны раўнд еўракубкаў?


Нагадаем, што ў асноўнай сетцы еўракубкаў беларускага клубу не было шэсць гадоў. «Дынама» як чэмпіён Беларусі пачынаў еўракубкавую кампанію з Лігі чэмпіёнаў, дзе здолеў прайсці армянскі «П’юнік» (0:0, 1:0), потым спасаваў перад балгарскім клубам «Лудагорэц» (0:2, 1:0) і аказаўся ў Лізе Еўропы. У другім паводле рангу клубным турніры Еўропы менская каманда спачатку прайшла «Lincoln» з Гібралтару (2:0, 1:2), а далей двойчы саступіў бельгійскаму «Anderlecht’у» (0:1, 0:1), але здолеў трапіць у асноўны раўнд Лігі канференцыяў.


Цяпер менскае «Дынама» гуляе хатнія гульні за 2725 кіламетраў ад дому, у азербайджанскім Сумгаіце на стадыёне Мэгдзі Гюсэйнзадэ. Там падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі ў першым туры сустрэліся 3 кастрычніка з шатландскім «Heart’ам» у першым туры агульнага этапу. Менскі клуб адкрыў лік у гульні, але ў выніку саступіў, 1:2, прапусціўшы вызначальны гол на апошняй хвіліне. Адзначым, што ў той гульні гол ва ўласную браму адправіў капітан каманды Сяргей Паліцэвіч. Гэта адзін з футбалістаў, які ў 2020 годзе падтрымаў беларускі народ, а як толькі яму прапанавалі кантракт з «Дынама», адразу перайшоў на другі бок і падпісаў ліст на падтрыманне ўладаў. Ёсць у менскім клубе і іншыя такія футбалісты, напрыклад, Іван Бахар.


Наступную гульню менскае «Дынама» правядзе 7 лістапада ў Варшаве: тут клубу абяцаюць «цёплы прыём» – як польскія заўзятары, гэтак і шматлікія прадстаўнікі беларускай дыяспары.


АЛ, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10