навіны

«Тут таксама чалавечы фактар працуе». Як беларуска з міжнароднаю абаронаю ў Польшчы зрабіла запрашэнне сваякам

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце. Фота: Таццяна Верамеева
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце. Фота: Таццяна Верамеева
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства замежных справаў Польшчы пацвердзіла, што беларусы з ДНЖ паводле міжнароднай абароны ў Польшчы могуць легальна рабіць запрашэнні на візы сваякам. «Белсат» распавядае, у чым была праблема і як цяпер зрабіць такое запрашэнне.

На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат

«Як выклікаюць людзей у чарзе, ніхто не разумее». Што кажуць людзі, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы

Рэпартаж

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў атрымаў пацвярджэнне інфармацыі аб тым, што беларусы, якія жывуць унутры Беларусі, могуць падавацца на польскія візы па запрашэннях ад сваякоў, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай у Польшчы.

Якая сістэма існавала раней?


Паводле правілаў, зрабіць запрашэнне для гасцявой візы ў Польшчу могуць людзі (не абавязкова сваякі), якія маюць у краіне грамадзянства ці ПМЖ, а таксама тыя, хто легальна і бесперапынна жыве ў Польшчы не менш за пяць апошніх гадоў. Большасць уладальнікаў міжнароднай абароны з Беларусі пакуль такім статусам не валодаюць, бо пераехалі пасля 2020 года.

Але гэта не ўсе праблемы. Напрыклад, натарыяльныя запрашэнні на візу трэба было падаваць праз візавыя цэнтры, што стварала рызыкі перадачы звестак аб міжнароднай абароне трэцім асобам. Другая праблема – нават пры наяўнасці запрашэння шанец вылавіць слот на падачу ў візавым цэнтры Польшчы ў Беларусі быў роўны нулю.

Нягледзячы на ўсё гэта, Польшча ішла на саступкі і дапамагала ў афармленні візаў на запрашэнні беларусаў з ДНЖ паводле міжнароднай абароны. Так было да траўня 2023 года, калі пачалося расследаванне візавага скандалу ў Польшчы. З таго часу польскі ўрад амаль спыніў такую дапамогу, але не цалкам – акенцы для запісу паводле запрашэнняў у рэдкіх выпадках усё ж выдаваліся.

Што змянілася?


У траўні «Блок Пракоп’ева-Ягорава» паведаміў, што падрыхтаваў прапанову польскім уладам пакінуць магчымасць такіх запрашэнняў для беларусаў, а таксама правёў «кансультацыі і сустрэчы з польскімі палітыкамі і скіраваў прапанову кіраўніку МЗС Польшчы разам з сотняй подпісаў ад беларусаў, якія маюць міжнародную абарону».

18 кастрычніка дэмсілы сказалі, што атрымалі адказ ад МЗС Польшчы. Згодна з ім, беларусы з міжнароднай абаронаю ў гэтай краіне могуць рабіць візы родным паводле запрашэння. Таксама там адзначылі, што два апошнія месяцы працуюць над тым, каб натарыяльныя запрашэнні можна было падаваць беспасярэдне праз кансуляты, выключаючы неабходнасць карыстання візавымі цэнтрамі. 

У адказе МЗС піша, што запрашэнне мусіць быць або зарэгістраванае ў ваяводскай управе, або засведчанае натарыусам. Разам з заяваю трэба падаць копіі дакументаў аб статусе запрашальніка (напрыклад, дазвол на жыхарства) і дакументы аб наяўнасці сямейных сувязей.

«Магчымасць падачы заяўкі на падставе натарыяльна засведчанага запрашэння дапускаецца для асобаў, якія карыстаюцца міжнароднай абаронаю, у тым ліку дадатковай абаронаю, і маюць статус уцекача ў Польшчы, аднак праз кадравыя абмежаванні ў офісах у Беларусі патрабуецца папярэдні кантакт з адпаведным консульствам паводле месца жыхарства заяўніка», – тлумачыць МЗС Польшчы.

31 кастрычніка дадатковае пацверджанне ад польскіх уладаў атрымалі ў Офісе Святланы Ціханоўскай. У Офісе таксама пакрокава патлумачылі працэдуру атрымання гасцявой візы для сваякоў:

1) Трэба падрыхтаваць запрашэнне. Неабходна напісаць запрашэнне ў свабоднай форме і заверыць у натарыўса. У запрашэнні ўказваюцца пашпартныя звесткі заяўніка, нумар PESEL, нумар рашэння аб міжнароднай абароне (numer decyzji), адрас пражывання і дадзеныя запрашаемага (імя і прозвішча, пашпартныя дадзеныя, адрас рэгістрацыі, ступень сваяцтва, мэта паездкі, адрас і перыяд знаходжання). Запрашаючы таксама можа выказаць гатоўнасць забяспечыць пражыванне і пакрыццё расходаў.

2) Адправіць ліст у консульства. Напісаць электронны ліст у консульства па месцы рэгістрацыі асобы, якую запрашаюць, з тэмай «Запрашэнне для сваяка асобы са статусам міжнароднай абароны». Далучыць да ліста фота натарыяльна заверанага запрашэння, дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва (напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні), копіі карты побыту, пашпарту і рэгістрацыі запрошанага.

3) Чакаць званка з консульства. Пасля адпраўкі ліста, прадстаўнік консульства патэлефануе (тэлефануюць на польскі нумар, камунікацыя магчымая на беларускай ці расейскай мовах) і прызначыць дату для падачы візы. У прызначаны дзень запрошанаму неабходна прынесці арыгінал запрашэння і ўсе неабходныя дакументы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт пропуску для грузавога транспарту – «Кукурыкі – Казловічы». 15 сакавіка 2022 года. Фота: Lukasz Kaczaniwski / Polska Press / East News

Як звярнуцца па міжнародную абарону ў Польшчы? Пакрокавая інструкцыя і складанасці

навіны

Як гэта працуе?

Вольга
(імя змененае) жыве ў Польшчы чатыры гады, з пачатку 2022 года мае міжнародную абарону ў краіне. Дзяўчына апошнім разам рабіла такое запрашэнне бацькам у траўні 2024 года, акурат да «візавага скандалу». Кажа, што другой магчымасці проста не было – самастойна злавіць акенцы на запіс немагчыма.

«Спачатку я напісала ліст у вольнай форме на пошту кансулату Польшчы ў Беларусі з абгрунтаваннем таго, чаму я не магу ездзіць у Беларусь. Таксама ўказала даты запрашэння, адрас, дзе жыву, і тое, што гатовая пакрываць выдаткі на пражыванне бацькоў. Ведаю, што калі прозвішча аднолькавыя, пытанняў не будзе, але калі розныя, трэба будзе дадаць пацверджанне сваяцтва. Потым запрашэнне аднесла да натарыуса, каб ён яго засведчыў, а арыгінал перадала ў Беларусь – яго абавязкова трэба прынесці пры падачы на візу», – распавядае Вольга.

Да ліста дзяўчына дадала свае пашпартныя звесткі, нумар PESEL, мельдунак, скан карты побыту з двух бакоў, скан дэцызіі, а з боку бацькоў – пашпартныя звесткі, адрас і нумар тэлефону. Запрашэнне трэба было несці ў візавы цэнтр, а не наўпрост у консульства.

«Адказвалі мне праз і-мэйл даволі павольна, але я ўяўляю, які там завал. Праз тыдзень мне прызначылі дату ў візавым цэнтры Польшчы ў Беларусі, прыйсці трэба блізка да даты, з якой я прасіла запрашэнне – прыкладна праз два месяцы. Я падзялілася сваім кейсам з сябрамі, але ведаю, што атрымалася так не ўва ўсіх – некаторым адмовілі. 

Таксама ўва ўсіх прасілі розныя паперкі: у кагосьці, напрыклад, выпіску з банка пра заробкі. Чыімсьці бацькам нават тэлефанавалі і прапанавалі дату, мне проста адказвалі праз і-мэйл. Падаецца, тут таксама чалавечы фактар працуе. Былі розныя парады наконт таго, прымацоўваць дакументы файлам ці карцінкаю да ліста. Я зрабіла файламі, але наконт бяспекі падаецца лагічным далучаць іх у ліст карцінкамі».

Калі вы зрабілі такое запрашэнне не раней за кастрычнік 2024 года і хочаце падзяліцца з журналістамі «Белсату», пішыце нам у Telegram @edytorBLST. Гэта бяспечна і ананімна.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10