навіны

Гомелец паверыў махлярам і застаўся без кватэры

махлярства
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту расследуе крымінальную справу пра падман 46-гадовага мясцовага жыхара.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Барацьбой з «экстрэмізмам» карыстаюцца ашуканцы. У Горадні жанчына аддала 19,4 тысячы рублёў навіны

Паводле следства, у ліпені гэтага года жыхару Гомля патэлефанаваў невядомы, які назваўся працаўніком банку. Ён упэўнена назваў прозвішча, імя, імя па бацьку пацярпелага і паведаміў пра пацверджанне крэдыту на ягонае імя. Калі той, хто тэлефанаваў, даведаўся, што мужчына – кліент іншага банку, то нібыта «пераключыў» яго на службу бяспекі патрэбнай установы.


Мужчыну паведамілі, што на ягонае імя аформленыя шматлікія рахункі, на якія паступіла больш за 112 тысячаў рублёў. Пасля гэтага з гомельцам звязаўся «падпалкоўнік з Фрунзенскага РАУСу Менску», які патлумачыў, што мужчына – у аператыўным распрацоўванні з нагоды сумнеўных рахункаў і нерухомасці.


«Падпалкоўнік» прапанаваў гомельцу два варыянты развіцця падзеяў: СІЗА на час разбору ці ролю прынады, каб злавіць махляроў.


Пацярпелы выбраў другі варыянт. Пасля гэтага яму сталі тэлефанаваць іншыя асобы, якія нібыта маюць дачыненне да спецаперацыі. У выніку масаванай псіхалагічнай апрацоўкі мужчына пагадзіўся на нібыта фіктыўны продаж сваёй трохпакаёвай кватэры. Ён сустрэўся з рыэлтарам і пакупніком, падпісаў дамову куплі-продажу і з’ехаў на здымную кватэру. Атрыманыя за продаж грошы – 95 тысячаў рублёў – перавёў на ўказаныя яму рахункі.


Пасля гэтага мужчыну яшчэ тэлефанавалі і загадвалі афармляць сім-карты ў розных аператараў сувязі ды адкрываць рахункі ў розных банках.


Праз некаторы час мужчына ўсвядоміў, што стаўся ахвяраю падману, і звярнуўся ў міліцыю. Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 КК РБ – «Завалоданне маёмасці шляхам падману, здзейсненае ў асабліва буйным памеры». Следчыя шукаюць асобаў, датычных да злачынства.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10