Пераслед беларусаў не спыняецца. Рэжым працягвае ціснуць і кідаць у турмы ўсіх, хто можа нанесці яму нават патэнцыяльную пагрозу.
24 кастрычніка ў Менску распачаўся суд над беларускай, якую ўлетку затрымалі пасля вяртання з-за мяжы. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», Кацярыну Быстракову абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе па арт. 342 КК. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзяўчына была за мяжой некалькі гадоў. На «пакаяльным відэа» яе прымусілі распавесці, як ёй было цяжка ў іншых краінах свету, па якіх яна вандравала, таму яна «прыняла рашэнне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, развівацца і ствараць сям'ю на нашай беларускай зямлі». Паведамлялася, што ў яе тэлефоне знайшлі «доказы ўдзелу ў пратэсце». Вядома, што справу дзяўчыны сёння пачалі разглядаць ў судзе Кастрычніцкага раёна Менску. Працэс вядзе суддзя Іна Сівец.
Стала вядома пра затрыманне ў Менску інжынера, якога абвінавачваюць ва ўдзеле у сталічным пратэсным маршы 16 жніўня 2020 года, а таксама ў напісанні каментароў пра расейскую ўладу. Дзе зараз знаходзіцца затрыманы, а таксама па якім артыкуле яго абвінавачваюць, пакуль невядома.
Віленскі акруговы суд разгледзеў у апеляцыйным парадку крымінальную справу ў дачыненні да беларуса Мацвея Бяляя, які абвінавачваўся ў спробе падпалу беларускай амбасады ў Літве. Апоўначы на 20 красавіка 2023 года мужчына кінуў на тэрыторыю амбасады лампадку. Узнік пажар, якіх згас сам. Беларуса затрымалі, але ён паспрабаваў збегчы, «ужыўшы гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў следчага ізалятара, якія ахоўвалі яго». У вынику Мацвея Бяляя прызналі вінаватым у знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам і прысудзіў яго да 11 месяцаў пазбаўлення волі. Пракуратура падала скаргу. Па выніках яе разгляду суд вышэйшай інстанцыі прызнаў мужчыну вінаватым у спробе ўцёкаў з-пад арышту і прысудзіў да 4 месяцаў пазбаўлення волі. Пры гэтым пакаранне за падпал было перагледжана ў меншы бок і скарочана з 11 месяцаў пазбаўлення волі да 5 месяцаў і 15 сутак пазбаўлення волі. У выніку шляхам частковага падсумоўвання пакаранняў Віленскі акруговы суд прызначыў беларусу канчатковае пакаранне: пазбаўленне волі на тэрмін 8 месяцаў і 15 сутак.
Яшчэ адна новая форма рэпрэсій беларусаў, да якіх рэжым дастаць не можа, але правы ўсё роўна парушае. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі не будзе ствараць выбарчыя ўчасткі за межамі краіны, бо гэта «не прадугледжана беларускім заканадаўствам». Для ўдзелу ў галасаванні беларусам, якія пакінулі краіну, прапануюць прыехаць на радзіму. Нагадаем, беларускія ўлады пачалі адмаўляцца ствараць выбарчыя ўчасткі ў дыппрадстаўніцтвах краіны пасля масавых пратэстаў у Беларусі 2020 года. Заяўляючыаб маштабных фальсіфікацыях на прэзідэнцкіх выбарах на карысць Лукашэнкі, іх удзельнікі настойвалі, што большасць у рэальнасці падтрымала Святлану Ціханоўскую.
24 кастрычніка праваабаронцы агучылі новыя «рэпрэсіўныя лічбы»: за трэцюю дэкаду 2024 года быў зафіксаваны 1 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Маюцца на ўвазе ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д. З іх 360 – затрыманні. Таксама праваабаронцам «Вясны» вядома мінімум пра 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў за ліпень-верасень бягучага года. Самым распаўсюджаным артыкулам застаецца 19.11 КаАП – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». За тры месяцы паводле яго асудзілі не менш за 380 чалавек.
Надзея Вольная belsat.eu