навіны

Беларускіх следчых пачалі «апрацоўваць» да выбараў

Ілюстрацыйны здымак.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: СК Беларусі
podpis źródła zdjęcia

Рэжым пачаў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў. Так, напрыклад, следчых ужо збіраюць на сходы і заклікаюць «ліквідаваць шчыліны пранікнення дэструктыўнага ўплыву».

24 кастрычніка на сустрэчы з асабовым складам следчых падраздзяленняў Брэсцкай вобласці старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара гаварыў аднымі з галоўных выканаўцаў злачынных загадаў у Беларусі пра тое, як важна быць прыхільнымі «абароне правоў грамадства і інтарэсаў дзяржавы». Шкада толькі, што словазлучэнне «абарона правоў грамадзян у Беларусі» ўжо 4 гады гучыць як аксюмарон. Усё тое, што на працягу апошніх гадоў служкі рэжыму рабілі з беларусамі, Гара ахарактарызаваў як «рэагаванне на выклікі часу», а потым заявіў аб упэўненасці ў сваіх сілах, правасці следчых і заклікаў абараняць інтарэсы дзяржавы і надалей.


Начальнік аддзялення па Брэсцкай вобласці дзяржаўнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, адстаўны афіцэр Узброеных сілаў Ігар Кароль заявіў аб тым, што ведамства паспяхова «ажыццяўляе ліквідацыю шчылін пранікнення дэструктыўнага ўплыву» на грамадства.


Нагадаем, Следчы камітэт актыўна ўцягнуты ў масавыя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі з 2020 года. Рэжым Лукашэнкі масава аб’яўляе нелаяльныя групы грамадзянаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі». У тым ліку сярод іх практычна ўсе незалежныя медыя Беларусі, якія цяпер вымушааны працаваць за мяжой.


Таксама СК актыўна выкарыстоўвае механізм спецвытворчасці для магчымасці рэпрэсаваць апанентаў уладаў, якія знаходзяцца за мяжой.


Толькі за мінулы год, адзначыў кіраўнік СК, «выяўлена каля 5,5 тысяч злачынстваў, у тым ліку мінулых гадоў (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, масавых беспарадках, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, абраза прадстаўнікоў улады)».


Нагадаем, наступныя прэзідэнцкія выбары Лукашэнка прызначыў на 26 студзеня 2025 года. Ён ужо заявіў пра тое, што возьме ў іх удзел. У адказ на гэта дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць «супраць усіх». Адзначаецца, што галасаванне «супраць усіх» пакажа, што «беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10