навіны

Беларус у Чэхіі выйграў суд у справе аб адмове ў міжнароднай абароне

Чэхія
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына фатаграфуе Пражскі Град на Карлавым мосце ў Празе, Чэхія. 10 верасня 2024 года. Фота: Adrien Fillon / NurPhoto / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Гісторыю менчука Генадзя (імя змененае з меркаванняў бяспекі) мы распавядалі ўвесну 2023 года, калі Чэхія адмовіла яму ў міжнароднай абароне. У адказ мужчына падаў скаргу ў суд. Яе разгляд і сам працэс цягнуўся больш, чым паўтара года. Распавядаем, чым ён скончыўся.

«Суд не разумее, у сувязі з чым была адмова»


«Суд разгледзеў, наколькі законным было рашэнне міграцыйнай службы адмовіць мне ў міжнароднай абароне, і ў выніку адмяніў яго. Цяпер міграцыйная служба абавязаная яго перагледзець. Уся працэдура павінна быць праведзеная наноў, пачынаючы ад майго апытання і разгляду ўсіх дакументаў, якія я прадстаўляў разам з прашэннем аб прытулку», – распавядае Генадзь.


Мужчына не можа ацаніць, што стала вырашальным у тым, што суд стаў на ягоны бок, аднак кажа, што было бачнае здзіўленне суддзі адмовай міграцыйнай службы.

,,

«У канчатковым рашэнні зазначаецца, што суд не разумее, у сувязі з чым магла быць адмова, таму што сыходзячы з прадстаўленых дакументаў ён лічыць, што абарона павінна быць прадстаўленая, дадатковая – дакладна, а магчыма і поўная міжнародная», – кажа беларус.


Марына Зялёная і Раман Кісляк каля Тбіліскага гарадскога суду. Фота: асабісты архіў Марыны Зялёнай

Беларуская спартоўка Марына Зялёная падала ў суд скаргу на адмову Грузіі даць ёй прытулак

навіны

Як доўга чакаць новага рашэння міграцыйнай службы – невядома, аднак можна спадзявацца, што пасля суду працэс можа быць хутчэйшым, чым у першы раз, кажа Генадзь са спасылкай на свайго адваката. Калі мужчына зноў атрымае адмову, ён будзе падаваць скаргі ў Вярхоўны суд Чэхіі і ў суд Еўразвязу.


«Але спадзяюся, да гэтага не дойдзе. Хочацца нарэшце рашэння і спакойнага жыцця. Бо пакуль што яно на паўзе, у чаканні», – зазначае наш суразмоўца.


Чэхія палічыла, што ў Беларусі бяспечна


Увесь гэты час, пачынаючы ад падачы прашэння аб прытулку, Генадзь жыве ў лагеры для ўцекачоў. Кажа, што ўмовы камфортныя, акрамя таго, плацяць дапамогу. Сума невялікая, аднак беларус лічыць, што грэх скардзіцца, бо на ўсё патрэбнае хапае, а галоўнае – дах над галавой – ёсць.


Генадзь можа працаваць у Чэхіі – праз пэўны час пражывання на тэрыторыі краіны ў міграцыйнай службе можна атрымаць дакумент, які дае дазвол на працу.


«Аднак шмат якія працадаўцы не хочуць браць на працу з гэтым часовым дакументам, і ніхто не можа іх абавязаць, таму з працаўладкаваннем ёсць праблемы. Пашпарту ў мяне няма, толькі пасведчанне суіскальніка абароны», – кажа беларус.

Статыстыка падачы беларусамі прашэнняў аб міжнароднай абароне ў Чэхіі з 2019 па 2023 гады. Крыніца: Офіс беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі
Статыстыка падачы беларусамі прашэнняў аб міжнароднай абароне ў Чэхіі з 2019 па 2023 гады. Крыніца: Офіс беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі

Генадзь быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў сакавіку 2021 года праз палітычны пераслед. Некаторы час мужчына пражыў ва Украіне, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пераехаў у Чэхію, дзе і папрасіў міжнародную абарону. Цягам года Генадзь чакаў разгляду сваёй заявы, і ў сакавіку 2023 года атрымаў адмову – Чэхія прапанавала яму вярнуцца ў Беларусь, бо там нібыта бяспечна.


У Беларусі Генадзь пацярпеў ад паслявыбарчых рэпрэсіяў. Яго некалькі разоў затрымлівалі за ўдзел у пратэсных акцыях, збівалі. Спачатку давалі «содні», а потым мужчынам зацікавіўся Следчы камітэт. Тады беларус і вырашыў з’ехаць.


Крыху статыстыкі

Статыстыка ўхваленняў і адмоваў прашэнняў беларусаў аб міжнароднай абароне ў Чэхіі з 2019 па 2023 гады. Крыніца: Офіс беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі
Статыстыка ўхваленняў і адмоваў прашэнняў беларусаў аб міжнароднай абароне ў Чэхіі з 2019 па 2023 гады. Крыніца: Офіс беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі

Паводле Офісу беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі, з 2019 па 2023 гады 176 беларусаў падалі заявы на міжнародную абарону ў гэтай краіне. Найбольш іх было ў 2020 годзе – 58.


З іх за 5 гадоў ухвалілі 53 заяўкі, большасць – 41 – у 2021 годзе. У 2023 годзе толькі 4 беларусы атрымалі міжнародную абарону ў Чэхіі.


У 29 выпадках з 2019 года Чэхія дала беларусам дадатковую абарону. Было адмоўлена 74 прасіцелям. Найбольш адмоваў – у 2022 і 2023 гадах – па 23.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10