26 кастрычніка ў Грузіі пройдуць парламенцкія выбары, якія самі грузіны называюць «лёсавызначальнымі». Фактычна грузінскае грамадства апынулася на раздарожжы паміж Еўразвязам і Расеяй. Пакуль кіраўнічая партыя, што прэтэндуе на перамогу, максімальна залагоджвае электарат, апазіцыя рыхтуецца да сур’ёзнага супрацьстаяння, а беларуская дыяспара асцерагаецца паўтарэння нашай гісторыі 2020 года.
Чаму будучыя выбары настолькі важныя для Грузіі
Грузіны на гэтых выбарах фактычна аддаюць свае галасы не за сацыяльныя праграмы ці рэформы, а за далейшы лёс краіны. Вызначаюць, пойдуць яны ў Еўропу – ці пяройдуць у зону ўплыву Расеі. То бок цяпер грузіны разважаюць пра тое, якой мусіць быць дзяржава: дэмакратычнай, еўрапейскай, незалежнай – ці з абмежаваным суверэнітэтам і ў прарасейскай прасторы.
Пры гэтым кіраўнічая партыя мільярдэра Бідзыны Іванішвілі «Грузінская мара», што застаецца пры ўладзе ўжо 12 гадоў, вядзе Грузію менавіта ў бок Расеі. Апазіцыя сцвярджае, што Іванішвілі спрабуе пабудаваць дыктатуру, падпарадкаваць сабе царкву і здзейсніць здраду нацыянальным грузінскім інтарэсам, прызнаўшы незалежнасць Абхазіі.
Унікальнасць гэтых выбараў яшчэ і ў тым, што гэта будуць першыя абсалютна прапарцыйныя выбары ў Грузіі. Паводле правілаў, у парламент пройдзе толькі тая партыя, што пераадолее пяціадсоткавы бар’ер. Месцы пераможаных размяркуюць паміж пераможцамі.

Таксама гэта будуць першыя электронныя выбары, на якіх прыкладна 90% выбарнікаў прагаласуюць на выбарчых участках з дапамогаю электронных прыладаў, а не бюлетэняў. Паводле звестак, што агучыла афіцыйная прадстаўніца ЦВК Грузіі Натыя Ёсэліяні, агульная колькасць выбарнікаў складае 3 508294 асобы.
Хто змагаецца за ўладу
Менавіта той факт, што цяпер для праходжання ў парламент партыям трэба пераадолець пяціадсоткавы бар’ер, падштурхнуў іх да стварэння кааліцыяў. У выніку чатыры асноўныя прэтэндэнты на пераадоленне бар’еру падпісалі ініцыяваную прэзідэнткаю Саламэ Зурабішвілі «Грузінскую хартыю».
З 19 зарэгістраваных партыяў топ асноўных прэтэндэнтаў, якія маюць на гэтых выбарах найбольшыя шанцы пераадолець пяціадсоткавы парог, цяпер выглядае так:
- «Грузінская мара» (41) – дзейная кіраўнічая партыя, аб’ядноўвае палітычны рух «Сіла народу» (лічбай пазначаныя нумары партыяў, грузіны іх актыўна выкарыстоўваюць – Заўв. рэд.);
- «Адзінства дзеля выратавання Грузіі» (5) – аб’ядноўвае Нацыянальны рух, а таксама «Стратэгію Агмашэнэбэлі» і розных старых ды новых асобаў у палітыцы;
- «Кааліцыя за перамены» (4) – аб’яднанне былых чальцоў Адзінага нацыянальнага руху, у якое ўваходзяць партыя «Ахалі», «Гірчы – больш свабоды» і «Дроа»;
- «Моцная Грузія» (9) – альянс на чале з партыяй «Лело для Грузіі». Аб’ядноўвае партыі «За народ», «Грамадзяне» і «Плошча Свабоды»;
- «За Грузію» (25) – апазіцыйная партыя, што аб’ядноўвае людзей, якія выйшлі з «Грузінскай мары», і былых дэпутатаў на чале з экс-кіраўніком «Грузінскай мары» Гіёргі Гахарыя.
Становішча ў краіне – перадрэвалюцыйнае
Ільвіная доля сілаў і сродкаў сканцэнтраваная цяпер у руках «Грузінскай мары» і мільярдэра Іванішвілі. Сітуацыя ў краіне максімальна напружаная. Калі пытаешся грузінаў, што яны будуць рабіць, калі пераможа «Грузінская мара», многія без ваганняў адказваюць: «Грузіны гэтага не дапусцяць. Будзем мяняць уладу. Калі трэба – стаяць да апошняга». І для такой пазіцыі ёсць падставы.
У сярэдзіне жніўня кіраўнічая партыя заявіла, што калі яна атрымае канстытуцыйную большасць месцаў у парламенце, то забароніць усялякі апазіцыйны рух. Пры гэтым прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ ўдакладніў, што ў гэтае паняцце ўлады ўключаюць не толькі партыю экс-прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух», але і ўсе асноўныя апазіцыйныя партыі ў краіне. Як выказаўся прэм’ер, «Грузінскую мару» цалкам задаволіць, калі пасля ўвядзення забароны апазіцыі ў Грузіі застанецца аднапартыйны парламент.
Такім чынам, пагрозамі пазбавіць апазіцыю законных спосабаў барацьбы за ўладу «Грузінская мара» фактычна стварае ў краіне перадрэвалюцыйную сітуацыю.

Перадвыбарчыя выступы лідара «Грузінскай мары» Бідзыны Іванішвілі перапоўненыя цяпер крытыкай мінулых грузінскіх уладаў і пагрозамі расправы. «Нацыянальны рух» ён абвінавачвае ў «правакаванні» вайны ў жніўні 2008 года і спробах уцягнуць Грузію ў новы канфлікт з Расеяй. Апазіцыянераў называе «фашыстамі», абяцаючы ім «Нюрнбэргскі працэс».
Дайшло да абсурду. Некалькі апошніх месяцаў мільярдэр ездзіць з перадвыбарным турнэ па Грузіі і звяртаецца да выбарнікаў праз… куленепрабівальнае шкло. Грузіны нават жартуюць, што палітык уявіў сябе Доналдам Трампам. Браняванае шкло, што возяць за Іванішвілі падчас ягоных выступаў, ужо празвалі «шкляным саркафагам», «перасоўным акварыумам» і нават «душавой кабінкай».
Прыхільнікаў Міхэіла Саакашвілі Іванішвілі схітрыўся абвінаваціць нават у тым, што ў запаведніку на чарнаморскім узбярэжжы памерлі знакамітыя баабабы, якія Іванішвілі (а ён вельмі любіць экзатычныя расліны – Заўв. рэд.) прывёз з Афрыкі некалькі гадоў таму.
З заяваў «Грузінскай мары», партыя нібыта збіраецца вярнуць у склад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асецію. Гэта значыць, дэ-факта «Грузінская мара» згодная на стварэнне федэрацыі або канфедэрацыі з аўтаномнымі Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй у яе складзе. У сярэдзіне верасня Іванішвілі нават заявіў, што пасля выбараў «мы абавязкова знойдзем у сабе сілы» папрасіць прабачэння ў Паўднёвай Асеціі за вайну 2008 года. Для грузінаў гэта максімальна балючае пытанне.
Актыўна прасоўвае «Грузінская мара» і думку пра тое, што ўжо мае нейкую дамоўленасць з Масквой, якая, нібыта, увойдзе ў сілу адразу пасля выбараў. Пры гэтым усё гэта нейкім парадаксальным чынам сумяшчаецца з абяцаннямі захаваць курс на еўраінтэграцыю. Нягледзячы на рэзкае пагаршэнне адносінаў з Бруселем і Вашынгтонам, Іванішвілі запэўнівае народ, што гэта толькі часовыя цяжкасці і як толькі скончыцца вайна ва Украіне, усе канфлікты Тбілісі з Захадам «адыдуць у мінулае».
Чаго хоча народ?
Паводле шматлікіх апытанняў, 80% грузінаў выступаюць за еўраінтэграцыю. Пры гэтым людзі адначасова хочуць і ўваходу ў ЕЗ, і вяртання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй. Ёсць яшчэ адзін цікавы факт, які ў нейкай ступені можа растлумачыць «настроі» пэўнай часткі грузінаў.
У 2021 годзе было праведзенае апытанне, якое паказала: калі прыйдзецца абіраць нешта адно, то больш за тры чвэрці грузінаў аддадуць перавагу аднаўленню тэрытарыяльнай цэласнасці. Нагадаем, каля 20% тэрыторыі Грузіі сёння акупаваныя Расеяй.

Атрымліваецца, «Грузінская мара» фактычна заяўляе, што калі апазіцыя прайграе выбары, то можа страціць легальныя спосабы барацьбы за ўладу ў будучыні. Гэта значыць, улады самі ставяць апазіцыю ў стан, калі адзіным варыянтам яе выжывання робяцца пратэсты і вулічная барацьба. Менавіта да такога варыянту развіцця падзеяў пасля выбараў і рыхтуюцца цяпер грузіны.
25 кастрычніка, дзень перад выбарамі, у краіне нават абвясцілі выходным. Перамяшчэнне па Тбілісі ўжо сур’ёзна ўскладнілася. Сталіца ў заторах, паліцыя – літаральна на кожным рагу. Паўсюль праходзяць мітынгі.
Галоўнай задачай апазіцыі, што падзялілася на некалькі блокаў, стала забеспячэнне высокай яўкі на выбарах і пераканаўчая перавага ў галасах. Ад адзінага спісу апазіцыя адмовілася, але агульны лозунг застаўся такім: «Галасуйце за каго заўгодна, толькі не за «Мару».
Рэакцыя Захаду: «Праграмы з Грузіяй цяпер на разглядзе»
Сёлета ўрад «Грузінскай мары» прыняў «расейскі закон», ён жа – закон «Аб іншаагентах», які пагражае знішчэннем грамадзянскаму сектару і медыям. Таксама быў прыняты закон, што абмяжоўвае правы ЛГБТК-супольнасці. Прычым закон «Аб супрацьдзеянні ЛГБТ-прапагандзе» быў праведзены з мэтай здабыць падтрыманне большай часткі праваслаўнай царквы і яе паствы. 86% насельніцтва Грузіі – праваслаўныя, яшчэ 10 % адносяцца да мусульманскай супольнасці.
Акрамя гэтага, былі ўнесеныя зменыў Выбарчы кодэкс Грузіі, у турму пасадзілі некалькіх актывістаў, якія выступалі супраць «расейскага закону»… Менавіта пры цяперашнім скліканні парламенту ў турму трапіў заснавальнік «Адзінага нацыянальнага руху» – былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі. Важна і тое, што на фоне вайны паміж Расеяй і Украінай кіраўнічая партыя захоўвае стасункі з Расеяй і не далучаецца да санкцыйнай палітыкі Захаду.
Атрымліваецца, калі на гэтых выбарах улада ў Грузіі не зменіцца, краіна можа максімальна аддаліцца ад Захаду і трапіць у поўную ізаляцыю. Першыя сігналы ўжо ёсць.

Як адказ на прынятыя апошнім часам законы (аб «іншаагентах» і ЛГБТК – Заўв. рэд.) працэс далучэння Грузіі да Еўразвязу быў прыпынены. Гэта ЕЗ пастанавіў 27 чэрвеня. А на пачатку ліпеня Еўрапейскі Звяз замарозіў падтрыманне Грузіі на суму 30 мільёнаў еўраў, спаслаўшыся на тое, што закон аддаляе Грузію ад еўрапейскай інтэграцыі.
У выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі будуць разгледжаныя іншыя захады. Пра гэта ўжо заявіў амбасадар Еўразвязу ў Грузіі Павел Герчынскі. Таксама за прыняцце закону «аб іншаагентах» і «падрыў дэмакратыі» Злучаныя Штаты ўвялі візавыя абмежаванні для высокапастаўленых чыноўнікаў кіраўнічай партыі «Грузінская мара». На няпэўны тэрмін ЗША ўжо адклалі супольныя вайсковыя вучэнні з Грузіяй, што праводзяцца з 2016 года. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў пра «ўсёахопны перагляд супрацы ЗША і Грузіі». Як ужо выказаўся старэйшы дырэктар Еўрапейскага кірунку Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Майкл Карпэнтэр, «усе існыя праграмы з Грузіяй цяпер на разглядзе».
Для грузінаў гэта вельмі балюча. Нават у дзяржустановах побач са сцягам Грузіі практычна паўсюль вісіць сцяг Еўразвязу, а самі грузіны звычайна сцвярджаюць: «Грузія – гэта Еўропа».
Прагнозы і меркаванні: «Улады не змогуць пераадолець волю народу»
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая праз абмежаваныя паўнамоцтвы выконвае ў Грузіі выключна прадстаўнічыя функцыі, мяркуе, што ўлады не змогуць «пераадолець волю народу».
«Грузія цяпер на пераломным этапе. “Грузінская мара” перастала быць марай, яна стала кашмарам, які адводзіць Грузію ад таго, што было яе даўняй мэтай – не марай, а мэтай», – сказала Зурабішвілі падчас свайго выступу на Тбіліскай міжнароднай канферэнцыі. – «Калі мы слухаем апошнія выступы старшыні “Грузінскай мары”, які фактычна абвяшчае вайну спачатку нашым партнёрам, называючы іх “партыяй вайны”, а затым і ўласнаму народу, палітычным сілам у краіне, мы бачым, куды мы рухаемся. Яны загадзя абвясцілі, што збіраюцца забяспечыць сабе канстытуцыйную большасць і выганяць іншыя палітычныя партыі ці аддадуць іх суду, якога ўжо не існуе [..] Усё гэта непрымальна».
Пры гэтым Зурабішвілі ўпэўненая, што сфальсіфікаваць выбары да такой ступені, каб пайсці супраць масавага волевыяўлення грузінскага насельніцтва, «Грузінская мара» не здолее.

З меркаваннем прэзідэнткі Грузіі, аднак, згодныя не ўсе.
Вось як прагнозы на выбарах нам пракаментаваў заснавальнік навукова-даследчага інстытуту «SIKHA foundation» (Тбілісі) палітолаг Арчыл Сіхарулідзэ.
«“Грузінская мара” мае прыблізна 33-36% галасоў, што робіць яе самай моцнай і ўплывовай партыяй краіны, якая ўсімі сіламі спрабуе прыцягнуць дадатковае падтрыманне нейтральных выбарнікаў, каб здабыць неабходныя для фармавання большасці ў парламенце 46-50% галасоў. Калі падзеі пойдуць гэтым шляхам, апазіцыя і Захад амаль нічога не змогуць зрабіць.
У выпадку, калі апазіцыя набярэ хаця б 35% галасоў, магчымы сцэнар адмовы ад прызнання перамогі “Мары” на выбарах. Напрыклад, апазіцыя зможа заявіць пра масавыя фальсіфікацыі і чакаць рэакцыі з боку заходніх краінаў. Ад гэтага залежыць, ці будуць маштабныя пратэсты».
На думку Арчыла Сіхарулідзэ, запыту «на агрэсіўную рыторыку, вулічную барацьбу ды рэвалюцыі» ў грамадстве няма, хоць многія і не згодныя.
«Для гэтага трэба менавіта тое ядро выбарнікаў, якія фарміруюць эканоміку дзяржавы, ведаюць, як змагацца за ўладу і на якія рычагі ціснуць. Такія людзі, у асноўным, не хочуць узрушэнняў і таму, хутчэй за ўсё, аддадуць свой голас на карысць “Мары”, – патлумачыў сваю пазіцыю палітолаг.
Каманда Парламенцкай асамблеі АБСЕ ўжо заявіла, што будзе цесна супрацоўнічаць з місіяй БДІПЧ у назіранні за выбарамі і дэлегацыямі-партнёрамі з Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Парламенцкай асамблеі NATO і Еўрапейскага парламенту.
«Наша вялікая дэлегацыя ёсць выразным сігналам таго, што міжнародная супольнасць выказвае вялікую цікавасць да выбараў у Грузіі», – заявіла прэзідэнтка Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пія Каўма.
Што думаюць пра выбары ў Грузіі беларусы?
«Вельмі балюча назіраць за тым, што цяпер адбываецца з Грузіяй. Краіна, якая доўга змагалася за незалежнасць і ўжо стала на шлях еўраінтэграцыі, ізноў можа стаць расейскай губерняй. Літаральнае параўнанне, канечне, недарэчнае, але гісторыю з Беларуссю мне гэта вельмі нагадвае, – каментуе беларуска Таццяна, якая жыве ў Грузіі ўжо некалькі гадоў. – Беларусы ў Грузіі цяпер адчуваюць велізарны напал. Разумеем, што з кожным днём заставацца ў Грузіі робіцца ўсё больш небяспечна. Актыўных у палітычным плане беларусаў ужо кропкава не пускаюць у краіну, не даюць падацца на ўцякацтва, не даюць палітычнай абароны… Афіцыйна ўлады нас не выганяюць, але і не падтрымліваюць. Ад таго, чым скончацца гэтыя выбары, шмат у чым будзе залежаць, як у Грузіі будуць пачувацца беларусы. Калі да ўлады прыйдзе Расея на чале з «Грузінскай марай», то беларусам, на жаль, хутчэй за ўсё давядзецца з’ехаць. А ў самой Грузіі можа адбыцца тое, што з Беларуссю адбылася ў 2020-м».
Надзея Вольная belsat.eu