навіны

Святлана Ціханоўская ўпершыню возьме ўдзел у сесіі Паўночнай рады

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: wikipedia.org
podpis źródła zdjęcia

28–31 кастрычніка лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская наведае Ісландыю, дзе ўпершыню возьме ўдзел у падзеях высокага ўзроўню ў звязку з сесіяй Паўночнай рады.

Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, праграма візіту яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо дакладна вядома, што лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі выступіць на адной з пленарных сесіяў Рады, а таксама на арганізаваным на палях падзеі семінары «Шлях да дэмакратычнай Беларусі – роля паўночных і міжнародных парламентарыяў».


Апрача таго, у Святланы Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы з міністрамі замежных справаў паўночнай «пяцёркі» (Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя), пасля якіх адбудзецца прэс-канферэнцыя; сустрэча з міністрам абароны Даніі; удзел у дзелавой вячэры для старшыняў парламентаў паўночных краінаў, прыёмах ад імя прэзідэнта Ісландыі і Паўночнай рады і цырымоніі ўручэння прэміяў Паўночнай рады ў галіне культуры і аховы навакольнага асяроддзя.


Паўночная рада – афіцыйны орган міжпарламенцкай супрацы краінаў Паўночнай Еўропы, які быў створаны ў 1952 годзе і налічвае 87 абраных чальцоў з Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі, Аландскіх выспаў, Грэнландыі і Фарэрскіх выспаў.


Нагадаем, Святлана Ціханоўская наведала Рэйк’явік у траўні 2023 года. Тады яна ўзяла ўдзел ў саміце Рады Еўропы, пасля чаго рэжым абвінаваціў арганізацыю ў «развіцці кантактаў з экстрэмістамі, якія заклікаюць да новых санкцыяў і тэрактаў супраць насельніцтва».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10