Пра праблему з ботамі, што не даюць запісацца онлайн нават у афіцыйныя ўстановы, ведаюць усе беларусы, якія калі-небудзь намагаліся запісацца на польскую візу ў Беларусі. А цяпер з гэтым сутыкнуліся і тыя, каму трэба трапіць ва Управу ў справе замежнікаў у Варшаве. І падаецца, вінаваты ў гэтым не польскі бок.
Кампанія, што гандлюе акенцамі для запісу: «У нас тысячы задаволеных кліентаў»
Запісацца на прыём у аддзел у справе замежнікаў Управы Мазавецкага ваяводства на вуліцы Kruczej можна толькі праз сістэму онлайн-браніравання «InPol». Адкрываецца яна штодня а 6-й раніцы, але трапіць на прыём – гэта амаль цуд, піша журналіст польскага выдання «Wyborcza».
Высветлілася, што 18 кастрычніка ў аддзеле ў справе замежнікаў з трынаццацці заяўнікоў ён сустрэў толькі аднаго, які не набываў месца ў чарзе за грошы. А паводле звестак ведамства, летась былі пададзеныя 132 тысячы заявак на дазвол на сталае пражыванне ў Мазавецкім ваяводстве.
Украінка Надзя кажа, што шукала акенца месяц, але нарэшце здалася і скарысталася дапамогаю ўкраінскай кампаніі, што рэзервавала месцы ў чарзе.
«У мяне быў нож ля горла, бо заканчваўся тэрмін дзеяння дазволу на жыхарства. У мяне не было выбару, – кажа яна. Жанчына развязала пытанне за два дні.
На сайце кампаніі-пасярэдніка размешчаны таварны знак, што надзвычай нагадвае польскі герб, а гэта супярэчыць закону. «Комплекснае абслугоўванне» тут каштуе 1500 злотых – гэта дапамога ў афармленні дакументаў і іх падача ў канцылярыю. Проста запіс на дату ў чарзе каштуе 250 злотых.
«З жанчынаю, якая займаецца пасярэдніцтвам, звязваюся праз зашыфраваны мэсэнджар. Я размаўляю з ёй па-ўкраінску праз ChatGPT і ідэнтыфікую сябе як украінца. Святлана распытвае пра мой статус у Польшчы, пра ўмовы арэнды кватэры, працу і ўзносах ZUS, а таксама дае спіс дакументаў, што трэба запоўніць. Я павінен даслаць ёй сканы ўсіх старонак пашпарту, бо ў заяве мусяць быць даты ўезду і выезду з Польшчы», – кажа журналіст.

Калі ён спытаў, ці можна трапіць на прыём у панядзелак, жанчына адказала, што на гэты дзень ужо прадала ўсе месцы, і прапанавала аўторак. На пытанне пра тое, ці выкарыстоўвае яна ботаў для рэзервацыі нумароў, Святлана адказала сцвярджальна.
«Так, у нас ёсць адмысловая праграма, распрацаваная праграмістамі, – кажа яна. – У нас тысячы задаволеных кліентаў».
Ужонд ваявудскі: «Прыкладна 25 % трафіку ў сістэме "InPol" генеруецца ботамі, ён блакуецца»
Тым часам прэс-сакратар мазавецкага ваяводы запэўнівае, што ваяводства змагаецца з ботамі.
«У чэрвені было заключанае пагадненне паміж Управаю Мазавецкага ваяводства ў Варшаве і NASK [Навуковая акадэмічная камп’ютарная сетка]. Сістэмы ўжонду, у тым ліку "InPol", ахопленыя службай абароны ад сеткавых пагрозаў, у прыватнасці ад шкоднаснага трафіку, што ствараецца ботамі, і DDoS-атакаў. Прынятая пастанова паказвае, што прыкладна 25 % трафіку, накіраванага праз сістэму "InPol", генеруецца ботамі і гэты трафік блакуецца. Згодна з правіламі, пры выяўленні парушэнняў у запаўненні анкеты яна можа быць адхіленая, гэта значыць кліент не будзе абслугоўвацца», – адказала Яханна Баханэк.
Тэса Анэйда belsat.eu