Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім упэўнены, што выбары ў Беларусі, што Лукашэнка прызначыў на студзень 2025 года, цяжка назваць выбарамі. Таксама дыпламат выказаў асцярогу наконт таго, што пасля чарговай «перамогі» дыктатар канчаткова ўцягне Беларусь у вайну.
«Лукашэнка ідзе на выбары, калі так можна назваць у цяперашніх беларускіх рэаліях, – напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў сацсетках. – Ён сказаў пра гэта ўчора ў інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу. Відавочна, што сёмы раз ён выйдзе «пераможцам».
Кізім адзначыў, што гэта магло б датычыць выключна беларускага грамадства, «калі б Беларусь не зрабілася саўдзельніцаю расейскай узброенай агрэсіі супраць Украіны і не стварыла міграцыйны крызіс на межах з ЕЗ».
«Менавіта падчас ягонага цяперашняга тэрміну Беларусь, што лічылася больш-менш нейтральнаю краінаю ў цэнтры Еўропы, зрабілася крыніцаю небяспекі, перш за ўсё для суседзяў, краінаю-суагрэсаркаю, краінаю, з тэрыторыі якой гучаць ядзерныя пагрозы, а таксама краінаю з цяжка прадказальнай і несамастойнай вонкавай палітыкай, якая цалкам залежыць ад капрызу Крамля», – падкрэсліў ён.
Кажучы пра тое, чаго можна далей чакаць Украіне ад цяперашняга рэжыму ў Менску, украінскі спецамбасадар прывёў словы Лукашэнкі з інтэрв’ю журналісту «Бі-бі-сі» Стыву Розэнбэргу пра расейска-ўкраінскую вайну: «Гэта я яшчэ па мінімуму ўцягнуты ў гэты канфлікт. А можна сказаць, увогуле не ўцягнуты».
«Праўда, вельмі падобна да пуцінскага «мы яшчэ не пачыналі», – адзначыў Кізім.
Надзея Вольная belsat.eu