навіны

Адразу сем краінаў NATO не хочуць бачыць Украіну ў Альянсе

Ілюстрацыйны здымак - NATO
Ілюстрацыйны здымак. Фота: nato.int
podpis źródła zdjęcia

Ва ўмовах вайны ЗША, Нямеччына, Славаччына, Вугоршчына, Бельгія, Славенія і Іспанія выступаюць супраць далучэння Украіны да NATO. Яны асцерагаюцца быць уцягнутымі ў вайну з Расеяй.

Ключавыя чальцы Альянсу, такія як Нямеччына і ЗША, не спяшаюцца адказваць на заклік прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага накіраваць краіне запрашэнне ў NATO. Пра гэта паведамляе газета «Politico» са спасылкаю на свае крыніцы.


Нагадаем, пра магчымае ўваходжанне Украіны ў NATO з новай сілаю загаварылі пасля прэзентацыі Зяленскім «плана перамогі». Неадкладнае запрашэнне ў Альянс было адным з галоўных пунктаў гэтага «плану».


Са спасылкаю на крыніцы з Паўночнаатлантычнага альянсу рэдакцыя «Politico» сцвярджае, што галоўнымі супраціўнікам задавальнення плану Уладзіміра Зяленскага «аб неадкладным уступленні ў NATO» выступаюць Нямеччына і ЗША. Вашынгтон і Берлін не гараць жаданнем ваяваць з Масквою, а менавіта да гэтага, магчыма, прывядзе ўключэнне Кіева ў вайсковы блок.


Вугоршчына і Славаччына зыходзяць з іншага пункту гледжання. Іх лідары, піша газета, займаюць у цэлым пракрамлёўскую лінію: прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан блакуе фінансаванне ЕЗ для ўзбраення Украіны. Іншыя краіны вайсковага блоку, нібыта, хочуць заставацца ў цені.


«Такія краіны, як Бельгія, Славенія або Іспанія, хаваюцца за ЗША і Нямеччынай. Яны не хочуць», – паведаміла адна з крыніцаў «Politico» ў Альянсе.


Іншая крыніца заявіла, што краіны – чальцы NATO «падтрымліваюць уступленне Украіны абстрактна, але як толькі гэта наблізіцца да здзяйснення, пачнуць больш публічна працівіцца гэтай ідэі». Гэта ставіць іх у супярэчнасць з краінамі Балтыі і Польшчаю, якія настроены больш аптымістычна, падкрэслівае выданне.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10