Намінальны налічаны сярэдні заробак у верасні склаў «бруднымі» Br 2313,8 рубля. Пра гэта 24 кастрычніка паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Сярэдні заробак у Беларусі зніжаецца другі месяц запар пасля ліпеньскага рэкорду. У верасні ён зменшыўся на Br 27,3 пасля зніжэння на Br 13,9 у жніўні.
У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак вырас на 12,5 % у параўнанні з вераснем 2023 года, заявілі ў Белстаце.
Самы высокі сярэдні заробак у Менску – у верасні ён склаў Br 3058,3, знізіўшыся яшчэ на Br 6 рулёў. Самы нізкі ў Магілёўскай вобласці – Br 1949,8.
У IT сярэдні заробак у верасні склаў 6970,3 рубля, павялічыўшыся за месяц амаль на Br 107,2. У рэальным выражэнні за год ён зменшыўся на 4,8 %. Самы нізкі заробак сярод галін, паводле звестак Белстата, атрымлівалі ў верасні работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці — Br 1212.
Цяпер з эканомікаю Беларусі нібыта ўсё добра, аднак урад моцна рызыкуе, лічыць эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык. Паводле аналітыка, справы ідуць вонкава добра дзякуючы ўнутранаму спажывецкаму попыту, які не сціхае з увагі на хуткі рост заробкаў, крэдытавання, бюджэтных выдаткаў і аптымізм хатніх гаспадарак.
А вось сітуацыя для прадпрыемстваў застаецца цяжкаю, іхныя выдаткі растуць, што падтрымлівае інфляцыйны ціск, – у выніку цэны на нерэгулюемыя тавары і паслугі пачалі расці шпарчэй.
Якуб Хруст belsat.eu