Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў пра рост занятасці ў краіне. Пры гэтым колькасць вакансіяў сведчыць пра адваротнае.
Паводле Белстату, у трэцім квартале 2024 года ўзровень занятасці насельніцтва ў працаздольным веку склаў 84,5 %. Беспрацоўе ў працаздольным веку, як заяўляецца, мае узровень 2,9 %.
Калі параўноўваць са звесткамі за другі квартал, то ўзровень занятасці насельніцтва афіцыйна павялічыўся – з 84,2 %. А ўзровень беспрацоўя, наадварот, знізіўся – з 3 % ад колькасці працоўнай сілы.
Між тым на сайце Рэспубліканскай базы вакансіяў іх колькасць працягвае расці. Калі 16 жніўня ў ёй было 164 тысячы з гакам вакансіяў, то праз два месяцы, станам на 24 кастрычніка, іх колькасць вырасла на больш як 5 тысячаў, да 169 930.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка падпісаў закон «Аб змяненні законаў у пытаннях занятасці насельніцтва», які мусіць «выключыць утрыманства і стварыць умовы для занятасці насельніцтва». Новы закон прадугледжвае ўзмацненне патрабаванняў да прызначэння і атрымання дапамогі ў сувязі з беспрацоўем.
Якуб Хруст belsat.eu