Малдаўскі Нацыянальны цэнтр барацьбы з карупцыяй атрымаў ад паліцыі 350 паведамленняў аб выпадках «пасіўнай выбарчай» карупцыі«. У сувязі з гэтым былі накладзеныя штрафы на агульную суму каля 1 млн леяў.
У ведамстве адзначылі, што як «пасіўным выбарчым подкупам» у малдаўскім заканадаўстве называецца «правапарушэнне ў выглядзе патрабавання, прыняцця або атрымання, асабіста або праз пасярэдніка, выбарцам тавараў, паслуг, прывілеяў або пераваг у любой форме, якія яму не належаць, для сябе ці для іншай асобы, з мэтай ажыццяўлення або неажыццяўлення выбарчых правоў на выбарах». Памер штрафу за такое правапарушэнне складае ад 25 тысяч леяў да 37 500 леяў (1299 – 1949 еўраў). Агульная сума штрафаў склала каля 1 млн леяў (52 000 еўраў).
Ведамства вывучае атрыманыя пратаколы і будзе прымаць паводле іх рашэнні. Там адзначылі, што асоба, якая ўчыніла супрацьпраўнае дзеянне, вызваляецца ад адказнасці, калі яна сама заявіла і (або) актыўна садзейнічала выяўленню або супрацьдзеянню ўчыненню карупцыйнага дзеяння выбарчага характару.
Каментуючы вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў, што прайшоў 20 кастрычніка, прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што ў яе «ёсць доказы і інфармацыя аб тым, што злачынная групоўка» сумесна з замежнымі «варожымі» сіламі мела намер купіць 300 тысяч галасоў. Яшчэ перад выбарамі пра факты подкупу выбарцаў заяўлялі ў малдаўскай паліцыі.
У Малдове 20 кастрычніка прайшлі прэзідэнцкія выбары і рэферэндум у пытанні еўрапейскай інтэграцыі краіны. Паводле звестак ЦВК, 49,54 % удзельнікаў рэферэндуму прагаласавалі супраць унясення еўрапейскага вектару ў Канстытуцыю Малдовы, а 50,46 % – за. Розніца менш як працэнт.
Што датычыць, прэзідэнцкіх выбараў, то Санду набрала 42,45 % галасоў. За кандыдата ад Партыі сацыялістаў і былога генпракурора Аляксандра Стаянагла прагаласавалі 25,98 % выбарцаў. Паколькі ў Санду недастаткова галасоў для перамогі, 3 лістапада краіну чакае другі тур.
Якуб Хруст belsat.eu