Самагону ў Беларусі будуць вырабляць больш. Савет Міністраў пашырыў спіс юрыдычных асобаў, якія могуць легальна вырабляць гэты і іншыя традыцыйныя алкагольныя напоі. У асноўным гэта культурна-этнаграфічныя і турыстычныя цэнтры. Ці ёсць попыт на такія вырабы, якая тут пагроза для асноўных вытворцаў алкаголю і якія асноўныя каналы экспарту гэтай прадукцыі, мы запыталі ў экспертаў.
Цяпер вырабляць арыгінальныя алкагольныя напоі, як іх акрэслілі ў заканадаўстве, могуць 27 прадпрыемстваў. А ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю мэтаю такой вытворчасці назвалі ўзнаўленне паўнаты беларускіх нацыянальных традыцыяў. Бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч не бачыць у гэтым ніякай пагрозы:
«Гэта такія лакальныя брэнды, якія заўсёды існуюць у эканоміцы, але не ўплываюць на буйных гульцоў гэтага рынку».
Агулам Беларусь сёння больш вырабляе алкагольных напояў на ўнутраны рынак, чым экспартуе. Паводле старшыні канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Алега Жыдкова, на продаж у іншыя краіны ідзе толькі каля 7 % ад усіх аб'ёмаў вытворчасці. Але ж куды і каму прадаюць? Еўразвяз забараніў экспарт беларускага алкаголю яшчэ ў 2022 годзе. Таму айчынныя вытворцы пачалі выходзіць на іншыя рынкі. Летась Беларусь экспартавала алкагольныя напоі ў 34 краіны, у тым ліку Кітай, Турцыю, В'етнам і Ірак ды Сірыю. Аляксандр Кныровіч нагадвае, што некаторыя з гэтых краінаў – мусульманскія:
,,«Таму я не веру, што ў Сірыі, напрыклад, мы можам развіваць беларускі алкаголь. Частка мае тыя брэнды, якія ўжо ў іх існуюць. Ну і, канечне, надзеі на тое, што дзесьці ў Зімбабве, дзе ўзровень жыцця ў чатыры разы ніжэйшы, чым у Беларусі, нехта будзе масава спажываць беларускую гарэлку. Гэта цалкам ілюзорна і можа існаваць толькі ў галовах беларускіх чыноўнікаў».
Адкрыты для айчынных вытворцаў і расейскі рынак, на якім Беларусь у лідарах пастаўнікоў гарэлкі. Летась нашая краіна забяспечыла амаль 86 % саракаградуснага напою ад усяго імпартнага. Да таго ж каля 70 % сідру ў расейскіх крамах – таксама з нашай дзяржавы.
Праблемы сёлета ўзніклі з пастаўкамі беларускага віна. У ліпені прадстаўнікі вінаробчай галіны Расеі абурыліся назвамі прадукцыі Менскага заводу вінаградных вінаў, сугучных з еўрапейскімі брэндамі. А таксама тым, што вырабляюць гэтыя напоі з вінаматэрыялу, які ў народзе называюць «шмурдзяком».
Пасля такіх заяваў пастаўкі Менскі завод вінаградных вінаў спыніў. Затое імпарцёры з Расеі пачалі вазіць прадукцыю Менскага заводу ігрыстых вінаў. Усё з тымі ж падобнымі да еўрапейскіх назвамі.
Галоўны рэдактар праекту «Продолжение следует» Павел Каныгін такім паваротам падзеяў не здзіўлены:
,,«Заўсёды знойдзецца попыт на слабым, бедным рынку. Расейскі рынак ва ўмовах санкцыяў і вайны, вядома ж, бедны. На ім няма такой прапановы, няма якаснай канкурэнцыі. Таму можна прадаваць і прапаноўваць усё, што заўгодна».
Зрэшты, і беларускі бок мае прэтэнзіі да расейскай алкагольнай прадукцыі. У верасні Дзяржстандарт дадаў у рэестр небяспечнай прадукцыі ігрыстае віно «Santo Stefano». У адным з яго відаў знайшлі недапушчальны кансервант. Таму ўвоз і продаж гэтага напою з 2 кастрычніка забаранілі.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Ірына Юр'ева, Марыя Голдстэйн, «Белсат».