У інтэрв’ю журналісту ВВС Стывэну Розэнбэргу падчас саміту БРІКС у Казані Лукашэнка заявіў пра гатовасць разгледзець хадайніцтвы аб памілаванні Марыі Калеснікавай і іншых палітзняволеных.
«У нас ёсць закон: чалавек усвядоміў сваю віну, ён звярнуўся да прэзідэнта, як і шмат у якіх іншых краінах, з просьбай аб памілаванні, – ну што ж, мы разгледзім. Калі будзе такі зварот Калеснікавай, я абавязкова разгледжу», – сказаў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка запытаўся, чаму журналіст ВВС пацікавіўся менавіта пра Калеснікаву. Розэнбэрг патлумачыў: бо ў яе няма кантакту са сваёй сям’ёй.
,,«Якой сям’ёй? А дзе яе сям’я, вы хоць ведаеце? – запытаўся ў адказ Лукашэнка. – Вы нават не ведаеце, што за сям’я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям’я? Хтосьці яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба – мы яе разгледзім. <…> Нават калі вы звернецеся, мы вашую заяву разгледзім. Я кажу: разгледзім. «Так», «не» – гэта будзе відаць потым», – сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка зазначыў, што ён супраць таго, каб вылучаць пэўныя асобы, бо «калі там сядзіць мільён, дык там усе людзі аднолькавыя»
.
«А Калеснікава і іншыя павінны адказаць перад гэтымі людзьмі, чаму яны там апынуліся. <…> Калі чалавек выправіўся, не парушае закон у папраўчай калоніі, калі нейкія паказанні па здароўі, мы абавязкова гэтых людзей, хутчэй за ўсё, памілуем. Ёсць камісія. Яна разгледзіць і прыме рашэнне», – сказаў Лукашэнка журналісту ВВС.
Палітзняволеная Марыя Калеснікава – сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, была затрыманая 7 верасня 2020 года. Асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК РБ), змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357 КК), стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1 КК).
28 лістапада 2022 года Марыю даставілі з жаночай калоніі № 4 у хірургічнае аддзяленне гомельскай лякарні хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту.
З лютага 2023 года Марыя застаецца ў рэжыме інкамунікада, невядома, у якім яна дакладна цяпер стане, што адбываецца з ейным здароўем.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu