навіны

Спачатку дзеці, потым уласнае жытло. Ці змогуць улады падвысіць нараджальнасць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: mlyn.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: mlyn.by
podpis źródła zdjęcia

Улады ўсё яшчэ спадзяюцца заахвоціць нараджальнасць: пасля нараджэння трэцяга дзіцяці сям'я можа атрымаць ільготнае жытло - 75 % крэдыту сплоціць дзяржава, пасля нараджэння чацвёртага - дзяржава цалкам пакрые крэдыт. Пры гэтым колькасць будаваных кватэраў для шматдзетных сем'яў імкліва скарачаецца. Чаму так адбываецца, мы запыталі ў эксперткі цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасіі Лузгіной і эканамічнай аглядальніцы Вольгі Лойка.

Прапанова дзяржавы ў падтрыманні пагашэння крэдытаў пакуль застаецца ў моцы. Разам з тым аб'ёмы будаўніцтва жытла для шматдзетных у студзені-верасні скараціліся на 21 % у гадавым вымярэнні. Летась у гэты перыяд увялі ў эксплуатацыю 446 тысячаў квадратных метраў, а сёлета – толькі 353 тысячы. Агулам жа ў 2023-ім для шматдзетных пабудавалі 8425 кватэраў, а сёлета плануюць пабудаваць толькі 5111, што на 40 % менш. На думку Анастасіі Лузгіной, прычына ў большай даступнасці крэдытаў, якая падмацоўваецца ростам даходаў насельніцтва.

,,

«Калі ёсць магчымасць будаўніцтва жытла па больш менш прывабных стаўках і банк дае на гэта грошы, людзі выбіраюць ўжо жытло, якое будуецца на рынкавых умовах», – канстатуе экспертка.


То бок людзі змогуць набываць кватэры ў забудоўніка па ільготнай цане. Улады ўжо анансавалі, што будаўніцтва пераключаецца на дзяржаўную замову. Вольга Лойка называе гэта перамогаю рынкавай эканомікі ў галіне.

Будуюць менш і праз дэмаграфічныя змены. У перыяд з 2009-га да 2019-га года колькасць шматдзетных вырасла на 70 % (у сярэднім на 7 % за год). А ў апошняй пяцігодцы рост запаволіўся ў 2,5 разы – да 2,8 % за год. Паводле Анастасіі Лузгіной, усё заканамерна, бо цяпер існуюць больш жорсткія ўмовы для ільготнікаў у плане таго, што яны павінныя будавацца ў той мясцовасці, дзе пражываюць:

«Калі нехта з райцэнтру планаваў будаўніцтва ў Менску, то хутчэй за ўсё цяпер гэтага немагчыма. Людзі, якія стаяць на ўліку асобаў, што патрабуюць паляпшэння жыллёвых умоваў, вымушаныя чакаць гэтага жытла не адзін год».

Як паказвае выпадковы спіс шматдзетных «прыярытэтнікаў» з Кастрычніцкага раёну Горадні, наваселля ў кватэры за дзяржаўны кошт можна чакаць і дзесяць гадоў. Хоць Лукашэнка загадваў скіроўваць шматдзетных на будаўніцтва цягам года пасля пастаноўкі на ўлік.

Але для адказных бацькоў перастаюць быць вызначальныя сацыяльныя бонусы ў выглядзе дапамогі на дзіця да трох гадоў, выплатаў $ 10 тыс праз праграму «сямейны капітал», а таксама жыллёвыя плошчы з дзяржаўным падтрыманнем.

,,

«Пытанне ў тым, каб прапанаваць шматдзетным сем'ям нешта больш гнутнкае. Бо ім прапануюць арэнднае жытло, сацыяльнае жытло... Яны таксама не імкнуцца гэта ўзяць. У цяперашніх умовах усе гэтыя захады - сумнеўныя. Я б усё ж стымулявала нараджэнне першага і другога дзіцёнка, а не толькі трэцяга. Таму што, калі дэмаграфічная яміна відавочная і ўжо зразумела, што пенсійны ўзрост зноў прыйдзецца уздымаць, мы так і не вырашылі гэтае пытанне», – заўважыла Вольга Лойка.


У пачатку года прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка акцэнтаваў увагу на неабходнасці паляпшаць жыллёвыя ўмовы маладых сем'яў, каб заахвоціць да планавання першага дзіцяці. Пакуль што гэтыя заўвагі не перайшлі ў практычнае рэчышча.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Юлія Цяльпук, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10