навіны

«Запалохванне, што не спрацуе». 10-гадовы прысуд гарадзенскай школьніцы назвалі жахлівым і шкодным

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Беларуская сістэма пакаранняў за наркотыкі не выглядае натуральнай і зразумелай для падлетка», – заявілі «Белсату» ў ініцыятыве «Legalize Belarus».

Суд у Горадні прызначыў 10 гадоў 14-гадовай школьніцы за «незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў, учынены арганізаванаю групаю». Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэта ад 10 да 20 гадоў зняволення, такім чынам, суд праявіў «гуманізм» і даў дзяўчынцы мінімальны тэрмін.


Паводле версіі следства і пракуратуры, школьніцу злавілі з «асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам», вага якога склала каля аднаго грама.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час
14-гадовай школьніцы з Горадні прысудзілі дзесяць гадоў калоніі навіны

Падобна, што гэта не першы такі прысуд: дзяржаўныя крыніцы паведамляюць, што сёлета ў Горадні затрымалі чацвярых падлеткаў, якія ў траўні і чэрвені «распаўсюджвалі наркотыкі шляхам закладак». Усіх фігурантаў абвінавачваюць паводле таго ж артыкулу з мінімальным 10-гадовым тэрмінам.


Як сцвярджаецца, няпоўнагадовыя адгукаліся на аб'явы ў інтэрнэце наконт працы, атрымлівалі паведамленні ад куратара, а потым і наркотыкі, якія яны расфасоўвалі і хавалі на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну Горадні. Ці злавілі сілавікі гэтага куратара, не ўдакладняецца.


«Чарговы жахлівы прысуд з пакараннем, не сувымерным правапарушэнню. Адзін грам – часта мінімальная колькасць згаданага рэчыва, якую можна набыць на рынку», – так гэтую гісторыю пракаментаваў «Белсату» сузаснавальнік грамадскага руху «Legalize Belarus» Пётр Маркелаў.


Ён упэўнены, што галоўная мэта такога пакарання – запалохаць падлеткаў, аднак гэта не спрацуе:

,,

«Эфект запалохвання як функцыя крымінальнага пераследу не дзейнічае на дзяцей гэтак жа эфектыўна, як на дарослых. Дзеці не ўсведамляюць, чым яны рызыкуюць, калі ўцягваюцца ў незаконны распаўсюд кантраляваных рэчываў у Беларусі. У такім узросце чалавек не можа цалкам асэнсоўваць наступствы сваіх дзеянняў, бо беларуская сістэма пакаранняў за наркотыкі не выглядае натуральнай і зразумелай для 14-гадовага падлетка».


Зняволенне на такі тэрмін ніякай карысці не дасць, наадварот, толькі нашкодзіць псіхіцы школьніцы, мяркуе актывіст:


«Нават пара месяцаў у беларускай турме ў такім узросце могуць нанесці глыбокі адбітак на асобу чалавека, не кажучы пра гады. 10 гадоў турмы ў маладым узросце, калі чалавек яшчэ фармуецца, на жаль, з вялікай верагоднасцю могуць стаць вызначальнай падзеяй у жыцці гэтай дзяўчыны».


Бязлітаснае змаганне з наркотыкамі абвясцілі ў Беларусі яшчэ ў 2014 годзе, калі Лукашэнка падпісаў дэкрэт, што прадугледжваў узмацненне крымінальнай адказнасці за захаванне, распаўсюд, выраб забароненых рэчываў.


«Антынаркатычны» 328-ы артыкул прадугледжвае да 25 гадоў зняволення – гэта ў выпадку смерці чалавека пасля ўжывання наркотыкаў. Крымінальны кодэкс такі, што караюць усіх і за ўсё: перадаў самакрутку з марыхуанай сябру – «незаконнае абарачэнне з мэтаю збыту», ад 5 да 8 гадоў калоніі. Адно толькі захаванне, набыццё або перавоз наркотыку без мэты збыту пагражае абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.


У 2017 годзе сваякі асуджаных паводле «антынаркатычнага» артыкулу заснавалі рух «Маці-328», удзельнікі якога дамагаюцца змякчэння пакарання, асабліва для непаўналетніх. Актывісты сустракаліся з чыноўнікамі і дэпутатамі, ладзілі галадаванні, прасілі аб амністыі для сваіх родных. Удзельнікі руху настойваюць: караюць пераважна не сапраўдных гандляроў атрутаю, а спажыўцоў, якіх патрэбна лекаваць, а не садзіць за краты.


Апошняя амністыя, абвешчаная ў Беларусі ўлетку, часткова закранула асуджаных за наркотыкі: прызначаныя тэрміны скарацілі на адзін год непаўналетнім, а таксама жанчынам і мужчынам, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: spring96.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: spring96.org

Надоечы Лукашэнка ўнёс у парламент законапраект, што прадугледжвае, сярод іншага, лібералізацыю 328-га артыкулу. У самай мяккай, першай частцы (захоўванне і купля без мэты збыту) з'явіцца арышт на тэрмін да 3 месяцаў. За разавыя выпадкі продажу або перадавання наркотыкаў будуць абмяжоўваць волю (цяпер – толькі пазбаўленне волі). Чацвёртая частка артыкулу, паводле якой асудзілі гарадзенскую школьніцу, будзе прадугледжваць мінімум 8 гадоў зняволення.


У верасні Палата прадстаўнікоў ухваліла гэты законапраект у першым чытанні, цяпер дакумент рыхтуецца да другога. Хаця не ўсе дэпутаты пагадзіліся з прапанаванымі зменамі. Колішні міліцыянт Алег Гайдукевіч на пасяджэнні парламенту заявіў, што «мы мусім вельмі асцярожна да гэтага пытання падыходзіць» і што ініцыятыва выклікае ў яго «вялікія сумневы».


Таксама пра «пэўныя сумневы» казаў іншы дэпутат, Аляксандр Шпакоўскі. Ён упэўнены, што дзякуючы жорсткаму пакаранню Беларусь «мінімізавала для сябе гэты выклік – наркаманію».


Актывіст Пётр Маркелаў, наадварот, вітае лібералізацыю:

,,

«Натуральна, добрыя прапановы. Але галоўнае пытанне ў прававыкарыстальнай практыцы, бо менавіта працэсуальныя парушэнні часта прыводзяць да памылковай кваліфікацыі правапарушэнняў».


Праблема ў тым, што на фігурантаў наркатычных справаў «вешаюць» удзел у арганізаванай групе, хаця насамрэч такога ўдзелу не было.


«Змены ў заканадаўстве не гарантуюць, што больш мяккія пакаранні будуць прымяняцца на практыцы. Вялікае значэнне мае змяненне прававыкарыстальнай практыкі, каб гарантаваць справядлівае стаўленне да ўсіх абвінавачаных, адсутнасць працэсуальных правапарушэнняў і адпаведную кваліфікацыю правапарушэння», – падкрэсліваюць у «Legalize Belarus».


Пасля лібералізацыі Крымінальнага кодэксу шмат якія справы могуць быць перагледжаныя.


«Змяненне пакарання ў сувязі з выкарыстаннем закону, што паляпшае становішча асуджанага, праводзіцца ў парадку 402-га артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», – тлумачыць юрыстка Людміла Казак, якая ў свой час абараняла Марыю Калеснікаву і была пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі.


Змены, што плануюцца, будуць мець зваротную сілу, таму ў судоў будзе права вызваліць ад пакарання або змякчыць яго. Для пачатку працэсу патрабуецца заява або асуджанага, або органу, адказнага за выкананне пакарання, або назіральнай камісіі.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10