«Белсат» вядзе хроніку штодзённага пераследу беларусаў з боку афіцыйных уладаў. 22 кастрычніка было адзначана некалькімі судамі, у тым ліку завочнымі, а таксама затрыманнямі.
22 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе пачаўся суд над фігурантамі справы аб падрыхтоўцы тэрактаў: украінцам Іванам Ліхалатам і беларусамі Барысам Пухальскім і Іванам Бародзічам. Працэс вядзецца ў закрытым рэжыме. Мужчын абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»), арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»), ч. 4 арт. 309 КК («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), ч. 4 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») ч. 2 арт. 406 КК («Неданясенне аб злачынстве»). Усіх траіх затрымалі ў мінулым годзе, бо яны нібыта выйшлі на сувязь з СБУ і планавалі ўзарваць чыгунку ў Талачынскім раёне.
Стала вядома, што былога міліцыянта з Ліды Юрыя Махнача завочна асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў 500 базавых велічыняў (20 тысячаў рублёў). Яго прызналі вінаватым у «аказанні дапамогі замежнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, якая накіраваная на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі». У 2020-м Юрый расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да «зачыстак» і пра збіццё затрыманых, падаў у адстаўку, а пасля з’ехаў з краіны.
22 кастрычніка затрымалі мужа палітзняволенай Кацярыны Андрэевай – Ігара Ільяша. Пазней на канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася відэа з Ігарам, у якім ён кажа, што даваў інтэрв’ю пра сваю жонку медыям, прызнаным уладамі экстрэмісцкімі, а таксама даваў каментар украінскаму журналісту пра ўдзел Беларусі ў вайне. Верагодна, гэта магло стаць прычынай затрымання.
21 кастрычніка Менскі гарадскі суд асудзіў Алену Барысюк на два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса за каментары пра сілавікоў, Аляксандра Лукашэнку і ўдзельнікаў вайны ва Украіне. На працэс над жанчынай сагналі студэнтаў розных ВНУ.
4 кастрычніка суд Ленінскага раёна Магілёва завочна асудзіў Аляксандра Яцэнку. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь (8 тысячаў рублёў). Акрамя таго, Аляксандр Яцэнка мусіць сплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага Аляксандра Цеплякова ў памеры 1000 рублёў і дзяржпошліну ў 120 рублёў.
28 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна пройдзе суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшай, якую ўжо ў трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Гэта вынікае з раскладу, апублікаваным на сайце Вярхоўнага суда.
Сёння стала вядома, што блогера з Кармы Аляксандра Петрачкова, вядомага выступленнямі ў падтрымку шматлікіх мерапрыемстваў, якія праводзяць беларускія ўлады, асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Вынік суду пакуль невядомы.
У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы Рамана Якімёнка, якога абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы»), арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Мужчыну затрымалі ў сакавіку 2024 году за каментары аб тэракце ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе».
22 кастрычніка стала вядома пра затрыманне менчука, які працуе інжынерам. На канале сілавікоў з’явілася відэа, у якім мужчына кажа, што ён удзельнічаў у пратэстах у жніўні 2020 года, а таксама прытрымліваўся ідэяў нацызму. У сацсетках затрыманы падпісаны як Ігар Рэм.
Раман Шавель belsat.eu