Каля дзесяці тысяч асобаў маюць трапіць у войска сёлета ўвосень. Паводле чынавенства, праблемы набраць патрэбную колькасць не было: летась улады скасавалі адтэрмінаванне студэнтам, якія вучацца за мяжой, павялічылі штрафы за ўхіленне і знізілі патрабаванні да здароўя прызыўнікоў. Што прымусіла ўлады перагледзець патрабаванні да будучых салдатаў тэрміновай службы?
Максімальны штраф за ўхіленне ад прызыву вырас да 30-ці базавых, або сямі з паловаю тысячаў рублёў, максімальны тэрмін зняволення – да 3 гадоў. Напярэдадні цяперашняга прызыву сілавікі заблакавалі 2 сайты і больш за 20 старонак у сацыяльных сетках, што прапаноўвалі юрыдычныя кансультацыі тым, хто не хоча служыць. Ухілістаў з кожным годам усё меней, кажуць у Вярхоўным Судзе. Але рэальныя маштабы праблемы могуць быць значна большыя.
,,«У пэўныя моманты колькасць тых, хто ад прызыву ўхіліўся, практычна раўняецца ледзьве не той колькасці асобаў, якіх прызвалі», - мяркуе журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.
Адна з імаверных прычынаў – поўнамаштабная вайна ў суседняй Украіне. Са слоў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзіма Кабанчука, з таго моманту, як Лукашэнка ўцягнуўся ў гэтую авантуру, над Беларуссю перманентна вісіць пагроза ўцягвання ўзброеных сілаў у вайну.
Але пакуль дзейная ўлада ўсяляк намагаецца ўстрымацца ад беспасярэдняга ўдзелу ў канфлікце.
«Ён [Лукашэнка-рэд.] разумее, што велічэзны ўзровень стратаў у беларускай арміі, калі яна возьме ўдзел у расейска-ўкраінскай вайне, дакладна не дадасць яму папулярнасці і можа прывесці да ўнутрыпалітычных узрушэнняў у Беларусі», - кажа вайсковы аглядальнік, спікер Генштабу ЗСУ (2014–2017) Уладзіслаў Селязнёў.
Тым больш, што, на думку Змітра Міцкевіча, страты непазбежныя, бо ўзровень баявой падрыхтоўкі салдатаў тэрміновай службы звычайна пакідае жадаць лепшага:
,,«Калі прызвалі людзей не ў сілы спецыяльных аперацый або не ў памежную службу, то, верагодна, навучыцца нічаму не атрымаецца. Аўтамат людзі патрымаюць максімум тры разы за службу, выстраляць два патроны – і ўсё».
Абавязковая служба дазваляе, аднак, сфармаваць мабілізацыйны рэзерв з асобаў, якія маюць хаця б базавыя вайсковыя навыкі. Бо ў выпадку поўнамаштабнага канфлікту чалавечых рэсурсаў прафесійнай кантрактнай арміі можа быць недастаткова.
Для тых жа, хто не хоча браць у рукі зброю праз перакананні, існуе альтэрнатыўная служба тэрмінам ад 2 да 3 гадоў. Але вялікай папулярнасцю яна не карыстаецца. Гэтак, у Менску сёлета ахвочых служыць альтэрнатыўна не было.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Валянцін Васіленка, Марыя Голдстэйн, «Белсат»