Ідэя Уладзіміра Пуціна, каб ператварыць BRICS у антызаходнюю кааліцыю, якая падарвала б «сусветны парадак» і дамінаванне долара, не знайшла падтрымання сярод ключавых краінаў – сябраў гэтага блоку.
Індыя не хоча, каб BRICS ператварылася ў «антыамерыканскую» арганізацыю пад кантролем Расеі і Кітаю, паведамілі індыйскія чыноўнікі, знаёмыя з сітуацыяй, піша «The Moscow Time» са спасылкаю на «Bloomberg».
Менавіта таму кіраўніцтва Індыі выступае супраць далейшага пашырэння BRICS, нягледзячы на ўступленне ў мінулым годзе шасці новых краінаў і жаданне далучыцца яшчэ дзясяткаў, уключна з такімі краінамі-ізгоямі, як М'янма і Афганістан. Пазіцыю Індыі падтрымліваюць Бразілія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, што далучыліся да BRICS пасля саміту ў 2023 годзе, таксама не падтрымліваюць ідэі супрацьстаяння з Захадам, бо ААЭ маюць добрыя стасункі з заходнімі краінамі, а таксама з ЗША, адзначылі крыніцы «Bloomberg».
На саміце BRICS у Казані Уладзімір Пуцін мае прапанаваць альтэрнатыўную заходняй сістэму міжнародных плацяжоў, якая дазволіла б абыходзіцца без долара. Аднак сустрэча міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтрабанкаў BRICS у Маскве напярэдадні саміту была праігнараваная: замест міністраў Кітай, Індыя і ПАР прыслалі чыноўнікаў ніжэйшага рангу.
Нават Кітай, хоць і ёсць найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Расеі, лічыць ідэю Пуціна аб плацяжах у абыход долара занадта амбіінаю. Іншыя краіны BRICS, у адрозненне ад Расеі, не падпадаюць пад заходнія санкцыі, таму не маюць такой матывацыі мяняць сусветны фінансавы парадак.
Раней, у 2022 годзе, Пуцін прапаноўваў стварыць у BRICS уласную рэзервовую валюту, каб пазбавіцца ад дамінавання долара, але не здолеў пераканаць партнёраў. Тады ён прызнаў, што праект «яшчэ не саспеў» і краіны да яго «не гатовыя».
22 кастрычніка ў Казані адкрываецца саміт краінаў BRICS – абяднання дзевяці буйных краінаў. Сёлета ў арганізацыі старшынюе Расея.
Раман Шавель belsat.eu