Камісар Рады Еўропы ў правах чалавека Майкл О’Флээрці апублікаваў 22 кастрычніка свае пісьмовыя каментары ў Вялікую палату Еўрапейскага суда правоў чалавека ў справах, што датычаць меркаваных масавых вяртанняў просьбітаў прытулку ў Латвіі, Літве і Польшчы праз іх межы з Беларуссю.
Як паведамілі ў Радзе Еўропы, рашэнні суда ў гэтых справах могуць даць дадатковыя тлумачэнні адносна абавязкаў дзяржаваў ‒ чальцоў Рады Еўропы ў выпадку нелегальнага прыбыцця праз іх межы, у тым ліку ў кантэксце інструменталізацыі міграцыі іншымі дзяржавамі, як Беларусь.
Камісар падае суду інфармацыю пра доступ да прытулку і масавыя вяртанні ў Латвіі, Літве і Польшчы, а таксама пра правы чалавека і гуманітарную сітуацыю тых, хто зазнае такія вяртанні ў Беларусь.
Ён падкрэслівае важнасць нетлумачэння прэцэдэнтнага права такім чынам, які можа зрабіць неэфектыўнай абарону ад вяртання людзей да катаванняў або бесчалавечнага ці зняважлівага абыходжання або пакарання. Майкл О’Флээрці таксама адзначае, як інструменталізацыя міграцыі можа паўплываць на гэтыя пытанні.
Слуханні ў кожнай з трох справаў пройдуць 12 лютага 2025 года.
З пачатку 2024 года пры затрыманні або спыненні нерэгулярных мігрантаў з Беларусі пацярпелі і атрымалі раненні ўжо 63 польскія вайскоўцы. Адпаведную заяву на пасяджэнні польскага Сейму 17 кастрычніка зрабіў дзяржаўны сакратар Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Паваэл Бэйда. Актыўнасць нерэгулярных мігрантаў на польска-беларускай мяжы ў 2024 годзе павялічылася, адзначыў ён.
15 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў Польшчы прынялі комплексную міграцыйную стратэгію «Вярніце сабе кантроль. Гарантаваць бяспеку». Раней ён заяўляў, што гэтая стратэгія прадугледжвае «часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак».
Глеб Нержын belsat.eu