Дэпутаты Еўрапарламенту 22 кастрычніка далі зялёнае святло надзвычайнаму крэдыту ў памеры да 35 млрд еўра для Украіны, які будзе пагашаны будучымі даходамі ад замарожаных расейскіх актываў.
518 галасамі «за», 56 «супраць» і 61 устрымаўся парламент ухваліў новую макрафінансавую дапамогу для дапамогі Украіне ў змаганні з расейскай агрэсіяй. Гэты крэдыт з’яўляецца часткай пакета «Вялікай сямёркі», узгодненага ў чэрвені 2023 года, па наданні да 50 млрд долараў (прыкладна 45 млрд еўраў) фінансавага падтрымання Украіне. Канчатковая сума, якую ўнясе ЕС, можа быць ніжэйшай у залежнасці ад памеру крэдытаў, нададзеных іншымі партнёрамі з «Вялікай сямёркі».
Еўрапейскі крэдыт Украіна будзе пагашаць за кошт будучых даходаў ад замарожаных актываў расейскага Цэнтральнага банку, якія знаходзяцца ў ЕЗ. Сродкі крэдыту будуць выплачаныя Кіеву да канца 2025 года.
«Украіна працягвае супраціўляцца расейскай агрэсіі, яе адважныя грамадзяне змагаюцца не толькі за сваё існаванне і свабоду, але і за дэмакратыю, правы чалавека, свабоду і міжнароднае права для ўсіх нас. Патрэба ў фінансавым падтрыманні вялізная і тэрміновая. Расея павінна заплаціць за напад на ўкраінцаў і жорсткае знішчэнне інфраструктуры краіны, гарадоў, вёсак і дамоў. Цяжар аднаўлення Украіны ляжа на плечы тых, хто нясе адказнасць за яе разбурэнне, а менавіта на Расею», — заявіла дакладчыца Карын Карлсбра.
Урады ЕЗ ужо адобрылі прапанову, і Еўрапейская Рада плануе прыняць рэгламент у пісьмовай форме пасля галасавання парламента. Рэгламент набудзе моц на наступны дзень пасля яго публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕЗ.
Глеб Нержын belsat.eu