Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х выказала падзяку Латвіі за падтрыманне звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт Лукашэнкі.
«Я глыбока ўдзячная ўраду Латвіі за тое, што ён падтрымаў перадачу Літвою справы рэжыму Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд за злачынствы супраць чалавечнасці. Рэжым павінен быць прыцягнуты да поўнай адказнасці за ўсе свае дзеянні. Разам мы забяспечым трыумф справядлівасці», – падкрэсліла палітычная дзяячка.
У сваю чаргу намеснік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка адзначыў, што тэма падтрымання Латвіяй звароту ўраду Літвы ў Міжнародны крымінальны суд для расследавання сітуацыі, звязанай з фактамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні беларускага народу, абмяркоўвалася падчас ягонай сустрэчы з амбасадарам Латвіі ў Польшчы.
Падчас сустрэчы Латушка перадаў памятную запіску і матэрыялы, звязаныя з сабранаю доказнаю базай і абгрунтаваннямі для ажыццяўлення расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні беларускага народу Офісам пракурора МКС з просьбаю перадаць гэтыя матэрыялы МЗС Латвіі. Ён адзначыў, што дасягнутая дамоўленасць аб працягу ўзаемадзеяння, а таксама пра абмен інфармацыяй у пытанні перспектываў расследавання МКС.
«Для нас важнае падтрыманне Латвіі ў пытанні адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці», – заявіў Латушка.
Нагадаем, што Міністэрства замежных справаў Латвіі адказала на пытанне «Белсату» адносна стаўлення да звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі.
«Міністэрства хацела б паведаміць пра сваё падтрыманне звароту Літоўскай Рэспублікі ў МКС. Акрамя таго, міністэрства шчыльна супрацоўнічае з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэнцы зместу звароту і аргументаў, пададзеных Літоўскаю Рэспублікаю», – адзначыла прэс-сакратарка МЗС Латвіі Дыяна Эглітэ.
Яна таксама запэўніла «ў нязменнай прыхільнасці Латвійскай Рэспублікі падтрыманню працы МКС у яго прасоўванні глабальнай справядлівасці і эфектыўнай сістэмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя».
Глеб Нержын belsat.eu