Альянс расследавальнікаў Беларусі паведаміў пра ліквідацыю ў Менску навучальнага цэнтру «Адукацыйныя тэхналогіі» (Streamline Language School). Ён звязвае гэта з ціскам з боку ўладаў.
Установа падала на ліквідацыю 17 кастрычніка, хоць «такіх планаў яшчэ на пачатку кастрычніка не было», заявілі расследавальнікі. Паводле іх, падача на ліквідацыю адбылася праз два тыдні з моманту правяранняў Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю.
«У пачатку кастрычніка ў офіс "Streamline" прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам з усімі прыладамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не здолелі выплаціць заробку, а студэнты – аплаціць навучанне», – паведамляе Альянс расследавальнікаў Беларусі.
На думку журналістаў, «хуткасць, з якою знішчылі ўстанову адукацыі, сведчыць пра тое, што гэта не толькі спроба падлатаць бюджэт за кошт чужых сродкаў, але і расчысціць паляну для сваіх».
,,«Адначасова знішчэнне незалежных курсаў замежных моваў можа сведчыць пра жаданне стрымаць адток кадраў за мяжу», – адзначаюць расследавальнікі.
Моўная школа «Streamline» была сярод лідараў у Беларусі, больш за 15 гадоў працуючы ў гэтай сферы. Звязацца з дырэктарам Эдуардам Цалюком журналістам не ўдалося, ягоны тэлефон не дасяжны, мэсэнджары адключаныя.
Нагадаем, што раней у Беларусі былі закрытыя шматлікія ўстановы, што навучалі польскай мове.
Глеб Нержын belsat.eu