Вайна

Украінскія дроны атакавалі тры расейскія спіртзаводы і яшчэ адзін невядомы завод

Лужкоўскі спіртзавод. Скрыншот: Google maps
Лужкоўскі спіртзавод. Скрыншот: Google maps
podpis źródła zdjęcia

У ноч на 22 кастрычніка ўкраінскія беспілотнікі атакавалі тры спіртзаводы ў двух расейскіх рэгіёнах – у Тульскай і Тамбоўскай вобласцях. Таксама пра напад на завод паведамілі ў Варонежскай вобласці РФ.

Губернатар Тульскай вобласці Дзмітрый Міляеў паведаміў, што пацярпелі памяшканні Яфрэмаўскага спіртзавода і спіртзавода ў пасёлку Лужкоўскі Сувораўскага раёну. Як адзначае The Moscow Times, заводы належаць «Росспиртпрому». Гэтак, завод «Зернопродукт» у горадзе Яфрэмаў з’яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці ў Расеі рэктыфікаванага этылавага спірту. За содні ён вырабляе да 10 тыс. дал. У пасёлку Лужкоўскі знаходзіцца завод «Абсалют» магутнасцю да 6200 дал за содні.

Таксама АТ «Биохим», што займаецца перапрацоўкай цукразмяшчальнай сыравіны ў розныя віды спіртоў, БПЛА атакавалі ў горадзе Расказава Тамбоўскай вобласці. Як паведаміў губернатар Максім Ягораў, у выніку прылёту беспілотніка «раздаўся выбух з наступным узгараннем».

Таксама пра напад беспілотніка на прамысловае прадпрыемства заявіў губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў. Ён не ўдакладніў, пра якое прадпрыемства ідзе размова, але адзначыў, што дрон упаў на будынак аднаго з цэхаў, узнікла ўзгаранне.

Напярэдадні, 21 кастрычніка, пасля нападу ўкраінскіх беспілотнікаў прыпыніў працу адзін з найбуйнейшых у Расеі вытворцаў мікраэлектронікі «Группа Кремний Эл», што знаходзіцца ў Бранску. Там ад дронаў пацярпелі вытворчыя і адміністрацыйныя карпусы завода, што прывяло да перабояў з энергазабеспячэннем, пашкоджання аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры і разрыву тэхналагічных вытворчых ланцужкоў.

У ноч на 20 кастрычніка ўкраінскія дроны ўдарылі па абаронным заводзе імя Свярдлова ў Дзяржынску, што належыць «Ростеху» і з’яўляецца адным з найбуйнейшых расейскіх вытворцаў выбуховых рэчываў, а таксама перадаткавых зарадаў для горнаруднай прамысловасці. Гэта адзінае ў РФ прадпрыемства, што вырабляе актаген і гексаген.

Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10