Паўднёвая Карэя можа скіраваць вайскоўцаў і выведнікаў ва Украіну пасля таго, як КНДР адправіла войскі для падтрыманне Расеі ў вайне.
Як піша Newsweek са спасылкай на паўднёвакарэйскія медыі, Сеул разглядае план адпраўкі ўва Украіну пэўнай колькасці персаналу, уключаючы афіцэраў разведкі, што спецыялізуюцца на Паўночнай Карэі, і экспертаў у пытанні тактыкі КНДР.
Чакаецца, што прадстаўнікі Паўднёвай Карэі ўва Украіне будуць дапытваць або перакладаць у выпадку ўзяцця ў палон паўночнакарэйскіх вайскоўцаў украінскімі войскамі. Яны таксама дадуць Кіеву інфармацыю аб ваеннай тактыцы, дактрыне і аперацыях Пхеньяна.
Апроч таго, Міністэрства абароны Рэспублікі Карэя афіцыйна паведаміла 21 кастрычніка, што разгледзіць магчымасць паставак смяротнай зброі ва Украіну. Раней Сеул аказваў гуманітарную дапамогу Кіеву падчас расейска-ўкраінскай вайны.
Кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў паведаміў раней, што паўночнакарэйскія вайскоўцы рыхтуюцца на ўсходзе Расеі, каб ваяваць супраць Украіны. КНДР скіравала блізу 11 тысячаў чалавек, з якіх 2,6 тысячы адправяць у Курскую вобласць. Выведка Паўднёвай Карэі таксама пацвердзіла падтрыманне Пхеньянам Расеі. У Сеуле кажуць пра 10 тысяч вайскоўцаў.
Нацыянальная выведная служба Паўднёвай Карэі апавяла, што КНДР пачала перавозіць свае войскі спецназу ў Расею з 8 да 13 кастрычніка. Другі этап транспартавання адбудзецца найбліжэйшым часам.
14 кастрычніка Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб ратыфікацыі пагаднення аб стратэгічным партнёрстве паміж Масквой і Пхеньянам, якое падпісалі ў чэрвені. Пагадненне прадугледжвае, што кожны з бакоў будзе дапамагаць адзін аднаму ў выпадку вайны.
«Расея прызвычаілася ваяваць „мясам“, яна і працягвае так ваяваць, судзячы па навінах з франтоў. І замест таго, каб змабілізаваць расейцаў, можна скарыстацца з аўтсорсінгу – знайсці іншыя рэсурсы. І калі хтосьці гатовы паставіць сваіх байцоў дзеля таго, каб Пуцін мог не моцна чапаць расейскае насельніцтва, дык гэта для яго вельмі добра», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Міністэрства замежных справаў Паўднёвай Карэі выклікала расейскага амбасадара Георгія Зіноўева ў сувязі з інфармацыяй аб накіраванні Паўночнай Карэяй сваіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны.
Глеб Нержын belsat.eu