Некаторыя масты ў Беларусі неабходна адрамантаваць праз знос, ёсць такія, дзе трэба ўзмацніць апорныя канструкцыі. Таксама ёсць выпадкі, і гэта не адмаўляюць улады, дзе сітуацыя патрабуе тэрміновага ўмяшання.
Пра тое, што ў краіне неабходна адрамантаваць каля 800 мастоў, на прэс-канферэнцыі 21 кастрычніка паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Анатоль Сівак, перадае БЕЛТА.
«Каб эканоміка развівалася, павінен быць рух аўтамабіляў з больш высокай грузападымальнасцю па гэтых мастах. І для гэтага нам трэба прыводзіць гэтую гаспадарку планава пад гэтыя нагрузкі, каб не было абмежаванняў», – сказаў віцэ-прэм'ер.
Некаторыя масты, паводле яго словаў, неабходна адрамантаваць праз знос, але ёсць і такія, дзе неабходна ўзмацніць апорныя канструкцыі альбо патрабуецца тэрміновае ўмяшанне.
Нагадаем, што грошы на рамонт мастоў беларускія ўлады пачалі актыўна выдзяляць пасля абвальвання моста над Прыпяццю ў Жытоквічах у снежні 2017 года. Тое абвальванне паказала, што да мастоў трэба ставіцца з належнай увагай. З тых часоў у маставую гаспадарку ўкладваецца больш сродкаў, чым у звычайныя аўтадарогі. Амаль усе масты падобнай з жыткавіцкай канструкцыяй у Беларусі замянілі – засталося некалькі штук.
Але потым, у траўні 2021 года, здарыўся абвал моста на трасе Барысаў–Беразіно. А потым здарылася 8 студзеня 2022 года – у гэты дзень у самым цэнтры Менску, на Нямізе, абвалілася пешаходная частка пуцеправода. На шчасце, надзвычайнае здарэнне адбылося ў начны час, і пацярпелых не было. Тады прычынай таго, што здарылася, называлі «стомленасць канструкцыяў у сувязі з працай метро і падвышанай нагрузкай праз скокі тэмператураў».
Пасля абвальвання моста на Нямізе «Гардарбуд» заявіў, што плануе рэканструяваць або капітальна адрамантаваць сем менскіх мастоў. Чыноўнікі ва ўсіх інтэрв'ю і справаздачах рапартавалі, што ўсе «старыя масты абследуюцца своечасова, па плане – прыкладна раз на пяць гадоў. У залежнасці ад вынікаў абследавання, прызначаюцца працы, якія трэба выканаць, і яны выконваюцца. Напрыклад, кожныя 15 гадоў адбываецца замена гідраізаляцыі і маставога палатна».
Але нават пасля гэтага, у чэрвені 2022 года абвальваецца мост на Н-344, а ў студзені 2024-га тая ж доля спасцігае і мост праз Нёман. Частка з гэтых аварый цалкам можна было пазбегнуць, калі б своечасова быў праведзены, а не проста абяцаны, адпаведны рамонт канструкцыяў.
І вось надыходзіць кастрычнік 2024 года – і аказваецца, што адрамантаваць трэба каля 800 мастоў! Дарэчы, цікавая падрабязнасць: у адкрытых крыніцах дадзеных аб аварыйных мастах у Беларусі чамусьці стала значна меней, чым, да прыкладу, яшчэ некалькі гадоў таму, і не проста крыху меней, а ў разы. І, ёсць здагадкі, што звязана гэта зусім не з тым, што «іх усё адрамантавалі».
Надзея Вольная belsat.eu