навіны

У Менску Савет па маральнасці адмяніў спектакль пра палюбоўніц, які ішоў больш за 10 гадоў

Фрагмент спектакля «Палюбоўніцы майго мужа»
Фрагмент спектакля «Палюбоўніцы майго мужа». Фота: tomin.by
podpis źródła zdjęcia

Стала вядома, з чыёй падачы ў Менску адмянілі паказ спектакля, які менскім жанчынам да Дня маці хацелі «падарыць» тэатралы. Аказалася, непрымальнай і антымаральнай пастаноўку палічыў мітрапаліт Веніямін.

У Менску з падачы Грамадскай рады па маральнасці адмянілі спектакль «Палюбоўніцы майго мужа». Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 кастрычніка паведаміў сустаршыня Савета кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Веніямін.

Па словах Мітрапаліта, пастаноўку «прапаноўвалі падарыць жанчынам з нагоды Дня маці 14 кастрычніка». Паводле яго, «спектакль у выніку быў адменены».

«Гэта - адна з першых такіх справаў працы Савета па маральнасці. Ёсць добрае ўзаемадзеянне паміж міністэрствамі і ведамствамі, якія могуць так ці інакш уплываць на развіццё працэсаў у грамадстве», – заявіў Веніямін.


На ягодумку, «неабходна паказваць на спакусы, якія здольныя пашкодзіць неакрэплыя душы падрастаючага пакалення, а, калі трэба, і агароджваць ад іх».


Чым менавіта, на думку Веніяміна, спектакль можа пашкодзіць «неакрэплыя душы»? Мы знайшлі кароткі змест спектакля: «сямейныя адносіны ў пары паступова згасаюць, у мужа з'яўляюцца палюбоўніцы. Жонка спачатку трывае ўсё гэта, а потым выбухае. Выпадак дапамог ёй пазнаёміцца з палюбоўніцамі яе мужа архітэктара Георгія. Усе тры жанчыны паспяховыя ў працы, кар'еры і бізнэсе, але не шчаслівыя ў сямейным жыцці. Яны амаль пасябравалі і нават зладзілі жаночую вечарыну і з жаночай салідарнасці вырашылі адпомсціць Георгію».


Дарэчы, мы праверылі: на сайце 24afisha.by замест афішы на дадзены спектакль зараз сапраўды напісана: «мерапрыемства ў абраным горадзе недаступна».


Спектакль, як вядома, ішоў не толькі ў Менску, але і амаль ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Прытым яго паспяхова паказвалі больш за 10 гадоў. У афішах пазначана, што гэта сямейная камедзія ў дзвюх дзеях. Пакуль што пра забароны ў рэгіёнах на гэты спектакль інфармацыі няма, але, мяркуючы з усяго, толькі «пакуль».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10