Міністр абароны ЗША Лойд Остын прыбыў з неанансаваным візітам у Кіеў 21 кастрычніка, праз некалькі гадзінаў пасля атакі расейскага беспілотніка на ўкраінскую сталіцу. Мэта візіту кіраўніка Мінабароны ЗША ва ўкраінскую сталіцу – перамовы пра далейшае падтрыманне Украіны ў барацьбе з Расеяй.
Візіт кіраўніка Пэнтагону прыйшоўся на той час, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікае заходніх партнёраў працягваць даваць вайсковую дапамогу Украіне, прэзентуючы ім свой план перамогі.
Нагадаем, стратэгія Зяленскага прадугледжвае афіцыйнае запрашэнне Украіны ў NATO і атрыманне дазволу на выкарыстанне заходніх ракетаў вялікай далёкасці для ўдараў па вайсковых цэлях у Расеі. Заходняя рэакцыя на гэта была даволі млявай. Але цяпер, як чакаецца, план перамогі з Зяленскім абмяркуе Остын.
У сваім нядзельным вечаровым відэазвароце Уладзімір Зяленскі ўжо паведамляў, што ягоны план падтрымалі Францыя, Літва, краіны Паўночнай Еўропы і іншыя краіны ЕЗ, якіх ён не назваў. Аднак ключавой краінай у пытанні падтрымання Украіны, на думку Зяленскага, ёсць Злучаныя Штаты Амерыкі. Бо ЗША – найбуйнейшы вайсковы дастаўнік Украіны. На дадатак Зяленскі заявіў, што атрымаў «вельмі пазітыўныя сігналы ад ЗША», але не сказаў, ці ўхваліў Вашынгтон ягоны план.
Між тым, у ноч на панядзелак, паводле звестак украінскіх ВПС, Расея выпусціла па Украіне тры ракеты і 116 дронаў «Shahed». У цэнтры Кіева ўсю ноч былі чутныя кулямётныя чэргі і шум рухавікоў беспілотнікаў. Улады паведамілі пра нязначную шкоду цывільнай інфраструктуры, выкліканую падзеннем абломкаў БПЛА ў трох раёнах гораду.
Надзея Вольная belsat.eu