навіны

Дэмсілы прэзентуюць у Еўрапарламенце «пакет законапраектаў для новай Беларусі»

Еўрапарламент
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: euneighbourseast.eu
podpis źródła zdjęcia

Паводле інфармацыі «Парламенцкага каналу», еўрапалітыкі лічаць, што акно магчымасцяў для Беларусі «абавязкова будзе, але яно не будзе бясконцым, таму да яго трэба рыхтавацца ўжо цяпер». Што тычыцца дэмакратычных сілаў, то ў іх ужо «ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі».

«Пакет законапраектаў для новай Беларусі» ў снежні будзе прэзентаваны ў Еўрапарламенце падчас «беларускага тыдня» ў Бруселі, паведамляе «Парламенцкі канал» са спасылкай на дарадцу лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай у справе парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоля Лябедзьку.

Паведамляецца, што, сярод іншага, у гэты пакет увайшлі праекты законаў «Аб мясцовым самакіраванні», «Аб паліцыі», «Аб омбудсмане».

«Для нас гэта не толькі бачанне, якой павінна быць Беларусь, але і арганічная частка працы для еўраінтэграцыі Беларусі, – адзначыў Анатоль Лябедзька пасля сустрэчы з дэпутатам Еўрапарламенту ад Літвы, былым старшынёй літоўскага Канстытуцыйнага суда Дайнюсам Жалімасам. – Адзін з Капэнгагенскіх крытэрыяў – гэта адпаведнасць [законаў] краіны еўрапейскаму праву».

«Праект Канстытуцыі, законапраекты – гэта ваш ключ да дзвярэй будучыні», – падкрэсліў Жалімас.

Нагадаем, 15 сакавіка 2023 года з нагоды Дня Канстытуцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што ў дэмакратычных сілаў ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі. Праз год, 15 сакавіка 2024-га, пакет законапраектаў для будучай беларускай дзяржавы ўжо абмеркавалі ў Сейме Літвы на круглым стале «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў». У той жа дзень Святлана Ціханоўская адзначыла, што дзеля таго каб прапановы зменаў у Канстытуцыю адпавядалі еўрапейскім стандартам, іх рыхтавалі разам з міжнароднымі партнёрамі з улікам самых сучасных дэмакратычных практык.

Лідарка дэмсілаў заклікала беларусаў далучыцца да абмеркавання Канстытуцыі на платформе «Новая Беларусь», а таксама дасылаць прапановы на электронную пошту або ў чат-бот.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10