навіны

Чым сагрэцца ў халады? Наш топ-8 гарачых напояў – алкагольных і не толькі

гарачы напой
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Класічны глінтвэйн ці збіцень? Гарбузовы латэ ці гарбата на зёлках? А мо, гэтай восенню паспрабаваць розныя напоі для сугрэву, у тым ліку – тыя, якія спрадвеку пілі беларусы? Выбірайце, што вам найбольш да спадобы, з нашага топу.

1.   Журавінавая гарбата


Вам спатрэбяцца:


•   апельсін – 60 г
•   лімон – 50 г
•   апельсінавы сок – 40 мл
•   цукровы сіроп – 50 мл (можна растварыць 50 г цукру ў 50 мл вады)
•   журавіны – 50 г
•   карыца – 1 палачка
•   кіпень – 400 мл


Як прыгатаваць:

Апельсін нарэзаць невялікімі кавалачкамі і разам з журавінамі пакласці ў імбрык. Дадаць апельсінавы сок, цукровы сіроп і палачку карыцы. Заліць усё кіпенем, даць настаяцца цягам 15 хвілінаў.


2. Гарбата на зёлках

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik

Вам спатрэбяцца:


Зёлкі: кветкі ліпы, календулы, рамонка, лісты яблыні, грушы, вішні, рабіны чарнаплоднай, плады шыпшыны, рабіны чырвонай, трава і лісты скрыпеня (іван-чаю), чабора, мяты перачнай, ісопу, мацярдушкі (душыцы, разам з кветкамі).


Як прытагаваць:


Змяльчыць зёлкі і змяшаць. У імбрык дадаць 3 сталовыя лыжкі сумесі зёлак, заліць кіпенем, даць настаяцца 10 хвілін і піць.


3.   Безалкагольны глінтвэйн


Вам спатрэбяцца:


•   яблыкі – 4 – 6 штук
•   апельсін – 1 штука
•   лімон – 1 штука
•   карыца – 1 чайная лыжка
•   гваздзіка – дробка
•   кардамон – дробка
•   імбір – дробка
•   вада – 2 – 3 літры
•   цукар – паводле смаку


Як прыгатаваць:


Яблыкі памыць і разрэзаць на 6 частак, пасля пакласці у рондаль. Да яблыкаў дадаць некалькі кавалачкаў апельсіну і лімону, карыцу, гваздзіку, імбір і кардамон. Усе перамяшаць. Напіць крыху вады і тушыць яблыкі са спецыямі прыкладна 15 -20 хвілінаў на невялікім агні. Пасля дадаць у рондаль астатнюю ваду і давесці да кіпення. Даць пакіпець 5 хвілінаў. Напой можна працадзіць праз сіта, а можна проста пачакаць, калі яблыкі апусцяцца на дно рондалю. Па смаку можна дадаць цукар. Піць абавязкова цёплым.


4. Збіцень – “беларускі глінтвейн” на мяду.


Старажытны гарачы напой, які пілі, каб сагрэцца і абараніць сябе ад прастуды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pinterest
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pinterest

Вам спатрэбяцца:


•   вада – 1 літр
•   мёд – 3 сталовыя лыжкі
•   сухая мята – 1 сталовая лыжка
•   гваздзіка – 2 кветкі
•   аніс, меліса, ядловец, каляндра, чабор – па дробцы.


Як прыгатаваць:


Закіпяціць ваду, дадаць у кіпень мёд, варыць 10 хвілінаў. Потым дадаць мяту, спецыі, зёлкі і, павольна памешваючы, варыць яшчэ хвілінаў 5 – 7. Піць збіцень толькі цёплым, каб адчуць увесь смак спецыяў.


5.Класічны глінтвэйн

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik

Вам спатрэбяцца:


•   кардамон – 8 струкоў
•   гваздзіка – 10 кветак
•   душысты перац – 5 зярнятак
•   каляндра – 1 чайная лыжка
•   аніс – 4 зорачкі
•   бадзьян – 4 зорачкі
•   сухое чырвонае віно – 750 мл
•   апельсін – 3 – 4 долькі
•   карыца – 3 палачкі
•   цукар – 5 сталовых лыжак.


Як прыгатаваць:


Струкі кардамону трэба раздавіць (можна гэта зрабіць шырокім бокам нажа). Пакласці кардамон, гваздзіку, душысты перац, бадзьян, палачкі карыцы, каляндру і аніс у рондаль. Апельсін парэзаць долькамі. У рондаль уліць віно, накрыць крышкай, давесці да кіпення і адразу зняць з агню. Дадаць долькі апельсіну, цукар, усё перамяшаць. Закрыць крышкай і даць настаяцца 15 хвілінаў.


6. Гарачае піва


Вам спатрэбяцца:


•   піва – 1 літр
•   цукар – 1 – 2 сталовыя лыжкі
•   гваздзіка – 3 – 4 кветкі
•   карыца молатая – 1 дробка
•   яечныя жаўткі – 3 штукі
•   лімон – 1 штука
•   апельсінавая цэдра – паводле смаку.


Як прытагаваць:


Піва нагрэць у рондалі да 70°C разам з карыцай, гваздзікай і цэдрай адного лімону. Яечныя жаўткі расцерці з цукрам да з’яўлення пены і павольна ўліць у рондаль з гарачым півам. Зрабіць агонь крыху меншым і варыць, пастаянна перамешваючы, пакуль сумесь не загусцее. Увага: сачыце, каб гарачае піва не закіпела другі раз, бо інакш жаўткі зварацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pinterest
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pinterest

Калі напой загусцее, яго трэба зняць з пліты, разліць у вялікія стаканы, па жаданні дадаць апельсінавую цэдру і піць. Калі дадаць у напой некалькі лыжак мёду, атрымаецца яшчэ і карысны сродак супраць ангіны і кашлю.


7. Мараканская кава са спецыямі


Вам спатрэбяцца:


•   кава ў зернях – 0,5 стакана
•   молатая карыца – 1 сталовая лыжка
•   гваздзіка – 2 зубчыкі
•   зялёны кардамон – 3 зерні
•   мускатны арэх – чвэрць чайнай лыжкі
•   молаты імбір - чвэрць чайнай лыжкі
•   чорны перац - чвэцрь чайнай лыжкі


Як прыгатаваць:


Каву трэба выбіраць моцных сартоў, сярэдняй ці цёмнай абжаркі. Зерне змалоць разам са спецыямі. На адну порцыю – ад адной да дзвюх сталовых лыжак сумесі. Заварыць усё ў турцы. Вельмі смачна атрымліваецца, калі ў гатовы напой дадаць гарачае малако. Піць лепш адразу пасля прыгатавання.


 8. Гарбузовы латэ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik

Вам спатрэбяцца:


•   гарбуз – 200 г ці 4 сталовыя лыжкі гарбузовага пюрэ
•   малако – 250 мл
•   натуральная кава – 120 мл
•   цукар – 1 сталовая лыжка
•   ванілін – дробка
•   карыца – 0,5 чайнай лыжкі
•   арэх мускатны – 0,25 чайнай лыжкі
•   вада – 2 сталовыя лыжкі.


Як прыгатаваць:


Мякаць гарбуза нарэзаць кубікамі, скласці ў шкляную ці керамічную форму, дадаць 2 сталовыя лыжкі вады і запякаць у духоўцы, разагрэтай да 200°C прыкладна 25 – 30 хвілінаў.


Заварыць каву, пажадана, свежамолатую.


З запечанага гарбуза зрабіць пюрэ. Пакласці яго разам з малаком, цукрам, ванілінам, карыцай і мускатным арэхам (можна дадаць дробку молатага імбіра ці гваздзікі па смаку) у невялікі рондаль, паставіць на павольны агонь. Не даводзячы да кіпення, узбіць міксерам ці венчыкам да з’яўлення пенкі. Выліць сумесь у высокі стакан. Дадаць моцную свежазвараную каву. Можна ўпрыгожыць узбітымі вяршкамі і пасыпаць какава ці карыцай.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10