Міністэрства замежных справаў Паўднёвай Карэі выклікала расейскага амбасадара Георгія Зіноўева ў сувязі з інфармацыяй аб накіраванні Паўночнай Карэяй сваіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны.
Першы намеснік міністра замежных справаў Паўднёвай Карэі Кім Хонг Кхюн на сустрэчы з Зіноўевым абазначыў пазіцыю ўраду сваёй краіны і выказаў шкадаванне ў сувязі з такім крокам КНДР. Ён заявіў, што Паўднёвая Карэя дасць адказ на дзеянні КНДР, а таксама заклікаў Расею спыніць такую супрацу з Паўночнай Карэяй.
Кім Хонг Кхюн адзначыў, што вайсковая супраца паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй, якая выйшла за рамкі перамяшчэння матэрыялаў і ўключае адпраўку войскаў, ёсць сур'ёзнай пагрозай для бяспекі не толькі Карэі, але і ўсёй міжнароднай супольнасці. Гэта таксама парушае рэзалюцыі Рады бяспекі ААН і Статут ААН.
,,«Віцэ-міністр Кім самым рашучым чынам асудзіў незаконную вайсковую супрацу, у тым ліку размяшчэнне Паўночнай Карэяй войскаў у Расеі, і строга папярэдзіў, што ў адказ на дзеянні, якія пагражаюць нашым асноўным інтарэсам бяспекі, адбудзецца мабілізацыя ўсіх даступных сродкаў сумесна з міжнароднай супольнасцю», – гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Паўднёвай Карэі.
У паведамленні МЗС таксама адзначаецца, што амбасадар Зіноўеў «уважліва выслухаў пазіцыю нашага ўраду і дакладна данясе яе сваёй краіне».
Паводле інфармацыі, абнародаванай Кіевам, вайскоўцы з КНДР праходзяць у Расеі падрыхтоўку, каб пасля браць удзел у баявых дзеяннях супраць Украіны. Звесткі паўднёвакарэйскай выведкі таксама сведчаць пра тое, што 1500 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў прыбылі ў Расею для праходжання вайсковай падрыхтоўкі.
Раман Шавель belsat.eu