навіны

Названая новая дата адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: telcojournal.mcn.ru
podpis źródła zdjęcia

Паводле расейскага МЗС, размаўляць «па камфортных тарыфах» жыхары Беларусі і Расеі змогуць з 1 студзеня 2025 года.

Пра гэта РІА Новости паведаміў дырэктар дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных справаў Расеі Аляксей Палішчук.

Паводле словаў чыноўніка, з 1 студзеня 2025 года рыхтуецца забеспячэнне беларускіх і расейскіх абанентаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы паслугамі сувязі па камфортных тарыфах, супастаўляльных у мабільных сетках дзвюх краін».

Адпаведныя дамоўленасці былі дасягнуты на пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Саўміна Саюзнай дзяржавы 27 верасня ў Менску, адзначыў Палішчук.

Нагадаем, што пытанне адмены роўмінгу паміж дзвюма краінамі вырашаецца ўжо шмат гадоў. У 2017-м праект аб адмене роўмінгу быў унесены ў Дзярждуму РФ, у ім планавалася адмяніць роўмінг з 1 студзеня 2018 года.

У 2019-м тагачасны кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч абяцаў вырашыць пытанне адмены роўмінгу да канца года.

У снежні 2019-га адмена роўмінгу з 1 верасня 2020 года была прапісаная ў адной з дарожных карт па інтэграцыі Беларусі і Расеі.

З 1 красавіка 2022 года паміж дзвюма краінамі была адмененая плата за ўваходныя званкі. У тым жа годзе датай адмены роўмінгу называлася 1 чэрвеня.

А ўжо ў чэрвені 2024 года было пастаноўлена вырашыць праблему роўмінгу да снежня 2024 года.

Раман Шавель belsat.eu 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10