Цяпер знанаму сэрвісу таксі давядзецца выканаць шэраг патрабаванняў рэгулятара, і ў першую чаргу – увесці цэнавае рэгуляванне. Чакаецца, што гэта прывядзе да змянення правілаў гульні з цэнамі ў гэтым сегменце рынку.
Інфармацыя пра гэта з’явілася ў рэпартажы на ОНТ. Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец сказаў, што адначасова для сэрвісу «пачынаюць дзеяць усе патрабаванні антыманапольнага заканадаўства». Сярод іх ён назваў недыскрымінацыйныя правілы доступу спажыўцоў да яго паслуг, а таксама недапушчэнне манапольна высокіх або нізкіх цэнаў.
Другое пытанне, якое хоча высветліць МАРГ, – якім чынам у дадатку «Яндекс Go» фармуецца павышаны тарыф, які быццам бы разлічваецца са спасылкаю на вялікую загружанасць кіроўцаў, нават не ў гадзіны пік.
,,«Яны нам мусяць надаць алгарытм разліку "гарачых гадзінаў": як фармуецца павышальны каэфіцыент, зыходзячы з іхнай матэматычнай мадэлі, якая, як яны гавораць, закладзеная ў праграмным прадукце», – адзначыў намеснік міністра.
З 1 лістапада ў краіне ўступаюць у моц змены, згодна з якімі ў сферы нерэгулярных пасажырскіх перавозаў змогуць працаваць толькі залучаныя ў адмысловы рэестр. Сэрвіс «Яндекс Go» ужо прайшоў рэгістрацыю і будзе працаваць як дыспетчар. Чакаецца, што староннія кіроўцы, як гэта можна было назіраць раней, не змогуць атрымліваць заказаў праз дадатак сэрвісу.
Раман Шавель belsat.eu