Уначы 20 кастрычніка, каля 01:25 над Ельскім раёнам збілі беспілотнік тыпу «шагэд», паведамляе маніторынгавы канал «Беларускі Гаюн».
Дрон збілі сілы беларускай паветранай абароны. Выбух быў чуваць адразу ў некалькіх паселішчах.
Раней «Беларускі Гаюн» паведамляў, што мінулаю ноччу на тэрыторыю Беларусі заляталі як мінімум два «шагэды». Цяпер стала вядома пра тры, два з якіх вярнуліся ва Украіну, а трэці збілі над Ельскім раёнам у Беларусі. У той момант у небе над Гомельшчынаю быў знішчальнік ВПС РБ, які вылецеў з Баранавічаў каля 01:10 і вярнуўся на базу каля 02:30.

Паводле маніторынгавага каналу, з ліпеня 2024 года ў Беларусь заляцелі не менш за 75 «шагэдаў». Шэсць з іх упалі ці былі збітыя, дакладна зафіксаваныя чатыры выпадкі збіцця беспілотнікаў.
14 кастрычніка жыхары Хойніцкага раёну стварылі петыцыю са зваротам да ўладаў з просьбай абараніць іх ад «шагэдаў».
Марыя Міхалевіч belsat.eu