навіны

Міністры абароны краінаў «Вялікай сямёркі» падтрымалі «незваротны шлях» Украіны ў NATO

Міністры абароны краінаў G7
Міністры абароны краінаў G7 у Італіі. Фота: Alessandro Garofalo / Zumapress / picture alliance
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнікі абаронных ведамстваў краінаў G7 падчас сустрэчы ў Неапалі 19 кастрычніка заявілі пра намер сваіх дзяржаваў і далей дапамагаць Украіне, у тым ліку на яе «незваротным шляху да поўнай еўраатлантычнай інтэграцыі, уключаючы сяброўства ў NATO».

Уладзімір Зяленскі на паседжанні Вярхоўнай рады Украіны. Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2024 года. Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News
Зяленскі прадставіў Вярхоўнай радзе Украіны свой план перамогі. Што ў ім Вайна

«Мы пацвярджаем нашае нязменнае падтрыманне свабоды, суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны да таго часу, пакуль гэта неабходна, гаворыцца ў супольнай дэкларацыі міністраў па выніках сустрэчы. – Мы падкрэсліваем наш намер працягваць надаваць дапамогу Украіне, уключаючы вайсковую, у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве».


У групу міністраў абароны «Вялікай сямёркі» уваходзяць кіраўнікі вайсковых ведамстваў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Нямеччыны і Японіі. На сустрэчы ў Неапалі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Еўразвязу, NATO і міністр абароны Украіны.


Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заявіў, што Нямеччына сёлета патраціць на вайсковую дапамогу Украіне больш за 8 мільярдаў еўраў, а таксама паспрыяе «забеспячэнню далейшага рыхтавання ўкраінскіх салдатаў».


Паводле Пісторыюса, Украіна здолее скарыстацца крэдытам памерам 50 мільярдаў долараў, «магчыма, да канца года, але дакладна ў пачатку наступнага года».


У дэкларацыі міністраў абароны таксама заяўляецца пра неабходнасць забяспечыць сумяшчальнасць ЗСУ з войскамі NATO:

,,

«Прыярытэтнае заданне цяпер – працаваць над стварэннем украінскай арміі, сумяшчальнай з дзяржавамі – сябрамі NATO, здольнай абараняць Украіну цяпер і перадухіляць напады ў будучыні».


Уладзімір Зяленскі 16 кастрычніка прэзентаваў у Вярхоўнай Радзе План перамогі, у якім асобнымі пунктамі прапісаныя пытанні ўступу Украіны ў NATO і няядравая канцэпцыя стрымлівання Расеі. У Белым доме пракаментавалі, што кансэнсусу адносна запрашэння Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс пакуль няма.


Вайсковы аналітык Ян Матвееў у каментары «Белсату» казаў, што краіну ў стане вайны у NATO ніхто не прыме, «нават калі будуць нейкія дарожныя мапы, падпісаныя дакументы і да таго падобнае».


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10