У ноч на 20 кастрычніка ў Беларусь заляталі чарговыя «шагэды», паведамляе маніторынгавы канал «Беларускі Гаюн» са спасылкаю на ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
А 00:42 20 кастрычніка, паводле @mon1tor_ua, расейскі дрон-камікадзэ тыпу «шагэд» заляцеў у Беларусь у раёне Камарына і неўзабаве вярнуўся ва Украіну ў кірунку Прыпяці.
А 01:19 з’явілася паведамленне са спасылкаю на @eRadarrua, што беспілотнік заляцеў у нашую краіну з Жытомірскай вобласці Украіны і лётаў на поўдні ад Мазыра.
Каля 01:10 з Баранавічаў вылецеў знішчальнік вайскова-паветраных сілаў Беларусі, які пазней быў зафіксаваны ў небе над Гомельскаю вобласцю.
Паводле @mon1tor_ua, некалькі «шагэдаў» кружылі каля Беларусі ў ваколіцы Камарына ўвечары 18 кастрычніка.
У ноч на 18 кастрычніка ў Беларусь зайшлі прынамсі 9 расейскіх «шагэдаў», 2 з іх зніклі. Першыя два заляцелі праз Камарын і праз некаторы час вярнуліся ва Украіну праз Чарнобыльскую зону. Пазней у Беларусь заляцелі яшчэ 5 беспілотнікаў і таксама вярнуліся ва Украіну.
Яшчэ два, паводле звестак Паветраных сілаў ЗСУ, заляцелі ў Беларусь і над тэрыторыяй Украіны больш не фіксаваліся. Што з імі адбывалася далей, невядома.
Каля 23:30 17 кастрычніка ў неба з аэрадрому ў Баранавічах падымаўся дзяжурны знішчальнік ВПС РБ, які кружыў над Гомельшчынаю да 00:30, пасля чаго вярнуўся на базу.
У ВПС Украіны заявілі раніцаю 18 кастрычніка, што з вечара 17 кастрычніка радыётэхнічныя войскі выявілі 135 варожых беспілотнікаў. Пры гэтым 80 БПЛА былі збітыя ў Адэскай, Сумскай, Чаркаскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Кіраваградскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Хмяльніцкай, Ровенскай, Харкаўскай, Херсонскай, Валынскай і Вінніцкай вобласцях.
3 кастрычніка расейскі дрон упаў у Калінкавічах. Гук пачулі жыхары ўсяго райцэнтру і суседніх вёсак. Жанчыну, камера дому якой зафіксавала падзенне, затрымалі сілавікі.
За апошнія некалькі месяцаў падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі рэгулярна залятаюць дроны-камікадзэ тыпу «шагэд».
У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў раёне Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.
17 верасня наяўнасць праблемы прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Але тады ён заявіў, што ў Беларусь нібыта залятаюць і расейскія, і ўкраінскія беспілотнікі.
,,«Чаму гэта адбываецца? Бо і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць. І адзін з іх знайшлі аж каля Бабруйску», – апавёў Лукашэнка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu