навіны

Пралукашэнкаўскі Савет па маральнасці зацікавіўся квадроберамі

Пасяджэнне Грамадскага савету па маральнасці
Пасяджэнне Грамадскага савету па маральнасці. Фота: church.by
podpis źródła zdjęcia

У Менску адбылося пашыранае пасяджэнне Грамадскага савету па маральнасці – сумеснага органа, заснаванага Беларускай Праваслаўнай Царквой і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Як паведамляе сайт БПЦ, узначаліў нараду мітрапаліт Веніямін і старшыня грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», былы міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.


У прыватнасці, Савет выступіў з ініцыятывай «унясення пытанняў маральнага характару ў тэматыку Адзіных дзён інфармавання насельніцтва», якія штомесяц праводзяцца ў Беларусі. Прапанаваныя да разгляду такія тэмы, як «Сучасныя маладзёжныя субкультуры: трывогі і сэнсы», «Маральна-этычны аспект прысутнасці і дзейнасці ў інтэрнэт-прасторы», «Аб культуры маўлення: чыстае слова, чыстая душа».


Таксама Савет вырашыў далей прыцягваць увагу грамадскасці да праблемаў нецэнзурнай лаянкі і астралогіі.


Асобна чальцы Савету абмеркавалі квадробінг.


«У сувязі з ростам папулярнасці ў маладзёжным (асабліва - падлеткавым) асяроддзі квадробіки (квадробінгу), у газеце «Літаратура і мастацтва» на падставе вывучэння пытання апублікаваныя матэрыялы пра гэту субкультуру. На паседжанні Савету прагучаў даклад старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча па гэтай тэме», – паведамляе сайт БПЦ.


Да якіх высноў наконт квадробінгу прыйшлі чальцы Савету па маральнасці, у прэс-рэлізе не ўдакладняецца.


Квадробіка – гэта неафіцыйны від аэробікі, у якім людзі перамяшчаюцца, імітуючы рухі жывёлы. Як мяркуецца, квадробіку яшчэ ў 2008 годзе прыдумаў японскі спрынтар, які пачаў паўтараць бег малпаў. З часам тыя, хто практыкаваў квадробінг, пачалі таксама рабіць касцюмы і маскі дый агулам паўтараць паводзіны жывёлы. У выніку найбольшую папулярнасць квадробінг, што спачатку задумваўся як від спорту, набыў сярод падлеткаў і дзяцей, зрабіўшыся свайго кшталту новай субкультурай.


Апошнім часам у прапагандысцкіх медыях выйшаў шэраг крытычных артыкулаў пра новую субкультуру. Гучалі тэзісы, што квадробінг нібыта навязваецца Захадам, каб знішчаць «выхаванне і маральнасць народаў». Беларуская пракуратура прыгразіла маладзёнам адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасцю, калі яны пачнуць дакучаць грамадзянам.


Больш пра новую субкультуру можна прачытаць тут.


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10