Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што групу беларускіх вайскоўцаў адправілі ў Расейскую Федэрацыю для падрыхтоўкі ў адным з вучэбна-баявых цэнтраў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сілаў генерал-маёр Уладзімір Белы распавёў, што вайскоўцы накіравалі ў РФ у рамках планавай сумеснай падрыхтоўкі на базе навучальна-баявых цэнтраў расейскай арміі.
Генерал зазначыў, што толькі нядаўна завершылася падрыхтоўка аднаго з танкавых батальёнаў. «Мы ўбачылі як укараняецца досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі [вайны супраць Украіны - заўв. belsat.eu] на практыцы падрыхтоўкі войскаў», – падкрэсліў Белы.
Цяпер пачынаецца наступны этап: Беларусь адпраўляе ў Расею вайскоўцаў, «каб яны маглі пераняць перадавыя методыкі падрыхтоўкі войскаў для далейшага ўкаранення іх у практыку падрыхтоўкі сваіх вайсковых часцей».
«Па прыбыцці дадому яны змогуць давесці да сваіх камандзіраў, падраздзяленняў усё тое найлепшае і новае, што ёсць у практыцы Узброеных сілаў Расеі. Лепшыя з іх пасля навучання стануць штатнымі інструктарамі ў нашых злучэннях і воінскіх часцях», – патлумачыў Белы.
У заяве Мінабароны не ўдакладняецца, колькі вайскоўцаў накіравалі ў Расею.
Глеб Нержын belsat.eu