18 кастрычніка рэйс з Дамаска ўпершыню за чатыры месяцы прыляцеў у беларускі аэрапорт.
Самалёт Airbus A320-232 (YK-BAC) прыватнай сірыйскай авіякампаніі «Cham Wings Airlines» прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» 18 кастрычніка а 15:17, прыкмеціў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».
«Борт прыбыў з Дамаска (Сірыя) рэйсам SAW423 і прыпаркаваўся на тэрыторыі Цэнтра дзелавой авіяцыі FBO Minsk (а не каля асноўнага будынка), які размешчаны ў заходняй частцы аэрапортавага комплексу. Таксама варта сказаць, што дадзенага рэйса не было ў сённяшнім раскладзе прылётаў у MSQ», – заўважаюць аўтары допісу.
Папярэдні раз самалёт кампаніі «Cham Wings» ажыццяўляў рэйс з Дамаска ў Менск сёлета 7 чэрвеня.
Таксама тэлеграм-канал адзначае, што ў сталіцу прыбыў менавіта той самалёт, які раней належаў кампаніі «Magic Air (Gambia) Company Limited», але пазней быў прададзены «Cham Wings», якая сёння знаходзіцца пад санкцыіямі ЗША, Украіны і Швейцарыі, а таксама мела дачыненне да перавозкі зброі і баявікоў ПВК Вагнэра. Продаж самалёта адбываўся акурат праз Менск.
Самалёты менавіта «Cham Wings» займаліся перавозкай мігрантаў з арабскіх краінаў у 2021 годзе. Апошняя «пастаўка» мігрантаў у беларускую сталіцу праз гэтую кампанію, паводле дадзеных «МотолькоПомоги», адбылася 12 лістапада 2021 года.
Раман Шавель belsat.eu