навіны

Памёр выбітны мовазнаўца Генадзь Цыхун

Мовазнаўца Генадзь Цыхун. Фота: belcentre.by
Мовазнаўца Генадзь Цыхун. Фота: belcentre.by
podpis źródła zdjęcia

18 кастрычніка не стала вядомага лінгвіста, доктара філалагічных навук, прафесара Генадзя Цыхуна. 

Генадзь Апанасавіч Цыхун нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Кунцаўшчына Гарадзенскага раёна. Быў сынам вядомага беларускага краязнаўцы, педагога, літаратара і аўтара слоўніка «Скарбы народнай мовы» Апанаса Пятровіча Цыхуна.

У 1958 годзе скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Пасля скончыў аспірантуру ЛДУ і праходзіў стажыроўку ў Сафійскім дзяржаўным універсітэце ў Балгарыі. У 1963 годзе вярнуўся на працу ў Інстытут мовазнаўства.

Выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце дыялекталогію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, а таксама балгарскую і македонскую мовы.

Тэмай яго доктарскай дысертацыі стала «Тыпалагічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу». Уваходзіў у склад камісіяў па ўдасканаленні беларускага правапісу ў пачатку 1990-х гадоў, быў старшынёй тэрміналагічнай камісіі пры Мінадукацыі РБ.

З’яўляўся акадэмікам Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктарам Honoris Causa Сафійскага ўніверсітэту, сябрам Македонскай акадэміі навук, загадчыкам, а пазней галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ганаровым сябрам Міжнароднага камітэту славістаў, сябрам Камітэту Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, вядучым этымолагам Беларусі.

Генадзя Цыхуна называюць адным са стваральнікаў сучаснай беларускай славістыкі. Яго імем падпісаныя больш за 350 навуковых прац у галіне тыпалогіі славянскіх моваў, арэальнай, сацыя- і экалінгвістыкі, этымалагічных даследаванняў, балканістыкі, дыялекталогіі славянскіх моваў, параўнальнагістарычнага мовазнаўства, гісторыі славянскага мовазнаўства і славістычнай бібліяграфіі і інш.

Як згадваюць пра Генадзя Цыхуна ягоныя калегі, нягледзячы на такі грандыёзны размах у коле даследаванняў, ён не лічыў сябе ўніверсальным спецыялістам, а хутчэй уважаў сябе за навукоўца, якога цікавяць разнастайныя моўныя парадоксы. Верагодна таму, Генадзь Апанасавіч так захапляўся этымалогіяй беларускай мовы. Бо, на яго думку, гэтая галіна мовазнаўства ўвесь час вымагае вырашэння руцінных задач, але не малую ролю ў працэсе пошуку этымалогіі адыгрывае моўная інтуіцыя і эрудыцыя, веданне жывых працэсаў, што адбываюцца ў народнай мове.

Светлая памяць выбітнаму навукоўцу.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10