Уладзімір Зяленскі прадставіў у Вярхоўнай Радзе свой «план перамогі», у якім асобнымі пунктамі прапісаныя пытанні ўступу Украіны ў NATO і няядравая канцэпцыя стрымлівання Расеі. Аднак амаль адначасова ў СМІ з’явілася інфармацыя, што з’яўленне ядравай зброі ва Украіне магло б стаць альтэрнатывай абодвум пунктам.
Зчаго пачаліся размовы пра ядравую зброю?
Першым пра гэта пачаў гаварыць Уладзімір Зяленскі, выступаючы 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі. Ён нагадаў, што, паводле Будапешцкага мемарандуму 1994 года, Украіне была абяцаная абарона тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту ў абмен на вывад з тэрыторыі краіны ядравай зброі. У той дамове бралі ўдзел Расейская Федэрацыя, Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія. Але, як падкрэсліў Уладзімір Зяленскі, сёння гэты дакумент не працуе.
Пры гэтым Зяленскі акрэсліў дылему: гарантаваць бяспеку Украіне можа або сяброўства ў вайсковым альянсе, або ядравая зброя. Менавіта такое пытанне паставіў украінскі прэзідэнт перад кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта ЗША Доналдам Трампам.
,,«Я яму сказаў: у нас атрымліваецца так. Якое ж у нас выйсце? Або Украіна будзе мець ядравую зброю, і тады гэта стане для нас абаронай. Або мы мусім далучыцца да нейкага альянсу. Акрамя NATO, мы пакуль не ведаем дзейсных альянсаў. Краіны NATO сёння не ў вайне. У краінах NATO ўсе людзі жывыя. І дзяку Богу! Таму мы выбіраем NATO, не ядравую зброю. Мы выбіраем NATO. І мне здаецца, мяне пачуў Доналд Трамп. Ён сказаў: "У вас справядлівыя аргументы"», – прыводзіць словы Зяленскага выданне «Bild».
Але на гэтым пытанне «ядравай тэмы» не было вычарпанае. Тое ж выданне адзначыла, што некалькі месяцаў таму адзін з высокапасадовых украінскіх чыноўнікаў заявіў у прыватным коле сярод журналістаў і палітыкаў, што Украіна не змірыцца з другім паходам расейскіх войскаў на Кіеў, і ў гэтым пападку будзе ўзноўлены ўкраінскі ядравы арсенал.
«У нас ёсць матэрыялы, у нас ёсць веды. Калі будзе загад, нам спатрэбіцца ўсяго некалькі тыдняў, каб атрымаць першую бомбу», – прыводзіць словы гэтага чыноўніка выданне. Больш за тое, неназваны спікер сказаў, што Захаду трэба «менш думаць аб чырвоных лініях Расіі і значна больш аб нашых чырвоных лініях».
Заява самога прэзідэнта Украіны і паведамленне «Bild» актыўна разышліся ў СМІ. Паводле словаў эксперта «Bild» Юліяна Ропке, заявы ўкраінскага прэзідэнта сталі ўдарам і шокам для заходніх журналістаў.
Усё гэта неўзабаве прымусіла Уладзіміра Зяленскага патлумачыць сваю пазіцыю. Вечарам таго ж дня, 17 кастрычніка, на прэс-канферэнцыі з генсакам NATO Маркам Рутэ ён удакладніў, што ніколі не казаў, што «мы рыхтуемся стварыць ядравую зброю». І яшчэ раз паўтарыў сказанае раней: у 1990-я Украіна, падпісваючы Будепешцкі мемарандум, пагадзілася на адмову ад ядравай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі ад краін-падпісантаў, якімі выступалі тады Расея, Кітай, ЗША, але ў выніку не атрымала гэтых гарантыяў.
«У нас альтэрнатывы няма, акрамя NATO, – сказаў Зяленскі, і дадаў: – Гэта наш сігнал, але мы не ствараем ядравую зброю».

Што дасць ядравая зброя
Але ці ёсць верагоднасць таго, што Украіна атрымае ядравую зброю і якія перавагі яна дала б Украіне на дадзеным этапе?
На думку сацыёлага, эксперта ў камунікацыях Міжнароднага цэнтру супрацьдзеяння расейскай агрэсіі Дмытро Грамакова, валоданне ядравай зброяй з’яўляецца адзіным механізмам гарантавання бяспекі для Украіны ў цяперашніх умовах, падчас якіх Украіна вымушана даказваць партнёрам і гарантам бяспекі паводле Будапешцкага мемарандуму, што ёй патрэбная фізічная абарона і рэальныя гарантыі бяспекі ад агрэсара, якім з’яўляецца ядравая дзяржава – Расея.
,,«Менавіта таму гэтыя заявы [Уладзіміра Зяленскага. – Заўв. рэд. «Белсату»] фармуюць выбар, своеасаблівае «меню» для свету: або мы будуем новую архітэктуру бяспекі, дзе Украіна і няядравыя дзяржавы атрымліваюць абарону ад любога агрэсара, або мы [Украіна] будзем вымушаныя абараняцца самастойна. А раз так, то вяртанне ядравага патэнцыялу Украіны з’яўляецца часткай нашых нацыянальных інтарэсаў і зарукай нашай бяспекі ў будучыні», – адзначыў Дмытро Грамакоў.
Пры гэтым суразмоўца дадаў, што ёсць разуменне, што з’ўяленне ядравай зброі ва Украіне – гэта пытанне не трох-чатырох месяцаў і нават не трох-чатырох гадоў, але гэта пытанне нацыянальных інтарэсаў, і калі яно будзе зафіксавана ў нацыянальнай палітыцы, то Украіна атрымае тое, што ёй будзе неабходна.
Украінскі ваенны аналітык Ян Матвееў у эфіры «Вот Так» таксама выказаў думку, што стварыць ядравую зброю ва Украіне наўрад ці магчыма ў нейкай агляднай будучыні, таму што гэта «вельмі складана тэхналагічна». Акрамя таго, пачатак гэтых работ, лічыць Матвееў, немагчыма праводзіць у абсалютнай таямніцы: аб гэтым, хутчэй за ўсё, праз некаторы час стала б вядома.
«Гэта вельмі моцна ўдарыла б па ўсіх узаемаадносінах Украіны з іншымі краінамі. Таму гэтыя планы, мне здаецца, не тое што не рэалістычныя, а іх ніхто і не разглядае», – адзначыў ваенны аналітык, патлумачыўшы, што словы Зяленскага пра ядравую зброю былі хутчэй «некарэктнай фармулёўкай».
Адметна, што рэакцыя Крамля наконт звестак пра ядравую зброю не прымусіла сябе доўга чакаць. Так, 18 кастрычніка Уладзімір Пуцін назваў гэта «чарговай небяспечнай правакацыяй». Пры гэтым ён адзначыў, што стварыць ядравую зброю ў сучасным свеце нескладана, але падкрэсліў, што «такая пагроза будзе адэкватна ўспрынята».
«Расея гэтага не дапусціць ні пры якіх абставінах. Любы крок у гэтым напрамку будзе сустракаць адпаведную рэакцыю», – сказаў кіраўнік РФ.
Няядравае стрымліванне
Як бы там ні было, ядравай зброі ва Украіне няма і пакуль незразумела, ці будзе. Замест гэтага ў «плане перамогі», прэзентаваным прэзідэнтам Украіны, прапісаная канцэпцыя «няядравага стрымлівання» Расеі.
Згодна з ім Украіна прапануе размясціць на сваёй тэрыторыі «комплексны няядравы стратэгічны пакет стрымлівання», які забяспечыць абарону краіны ад любой ваеннай пагрозы з боку Расеі і абмяжуе магчымасці РФ. У выніку гэтага Расея будзе стаяць перад выбарам: альбо далучыцца да сумленнага дыпламатычнага працэсу для справядлівага завяршэння вайны, альбо страціць магчымасць працягваць агрэсіўныя дзеянні, дзякуючы выкарыстанню Украінай новага пакета стрымлівання. Гэты план мае сакрэтныя дадаткі, якія ўжо атрымалі лідары ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Нямеччыны.
Аднак афіцыйных тлумачэнняў, што маецца на ўвазе пад гэтым «няядравым пакетам стрымлівання», пакуль няма, таму тэма знайшла шырокае абмеркаванне ў коле экспертаў.
Як адзначае ваенны аналітык Ян Матвееў, для яго таксама з’яўляецца загадкай, што маецца на ўвазе, бо Пуцін «дастаткова адкрыта паказаў, што для яго існуе толькі ядравае стрымліваенне і любыя іншыя метады супрацьстаяння… не будуць дзейнічаць на яго ніяк».
Па ўсім відаць, працягнуў Ян Матвееў, пад няядравым стрымліваннем маецца на ўвазе злучэнне Украіны з агульнай сістэмай бяспекі Еўропы, то бок размяшчэнне на тэрыторыі Украіны вялікай колькасці як сістэм СПА, так і авіяцыі, якая можа выконваць функцыі СПА, значнай колькасці тактычных ракет, а таксама наяўнасць баз NATO з дастатковай колькасцю войскаў, складзеных, у прыватнасці, з іншаземнага кантынгенту.
«Такое няядравае стрымліванне працуе на тэрыторыі іншых краінаў NATO, на якія Пуцін, натуральна, нападаць не будзе – не толькі таму, што там у тым ліку ёсць ядравая зброя, але і таму, што там яго сустрэнуць дастаткова падрыхтаваныя войскі», – кажа Ян Матвееў.
Але праблема ў тым, што ўсе гэтыя меры магчымыя толькі пасля заканчэння вайны, таму што калі зараз войскі NATO ці самалёты NATO будуць базавацца ва Украіне, то гэта будзе расцэнена як уступ краінаў Альянсу ў вайну, адзначыў Матвееў.
Паводле аналітыкаў і ваенных крыніцаў, апытаных выданнем «The Times», «комплексны пакет стрымлівання» можа ўключаць розныя захады і віды ўзбраення, у тым ліку распрацоўку балістычных ракет, пашырэнне інфраструктуры NATO і павелічэнне колькасці ўкраінскіх вайскоўцаў з баявым вопытам. Яшчэ адна крыніца выдання з Украіны пракаментавала, што, магчыма, Зяленскі меў на ўвазе далёкія ўдары, для якіх патрэбныя балістычныя ракеты і беспілотнікі з большай дальнасцю дзеяння. Адным з жаданняў Украіны, паводле суразмоўцы «The Times», была б падтрымка ў вытворчасці далёкасяжнай зброі на сваёй тэрыторыі, каб абысці заходнія абмежаванні, якія дзейнічаюць у цяперашні час.
Што да прысутнасці войскаў NATO на тэрыторыі Украіны, то, паводле «The Times», Альянс не захоча накіроўваць свае войскі на тэрыторыю краіны, дзе яшчэ ідзе вайна. Выданне тлумачыць гэта тым, што калі натаўскія салдаты загінуць падчас баявых дзеянняў, ёсць вялікая верагоднасць, што такія краіны, як Вялікая Брытанія, вельмі хутка ўцягнуцца ў канфлікт, а гэта, у сваю чаргу, можа справакаваць трэцюю сусветную вайну.

Уступ у NATO
У гэтай сувязі як быць тады з адным з галоўных пунктаў, сфармуляваных у «плане перамогі» Уладзіміра Зяленскага – уступам у NATO? Бо вельмі падобна, асноўная частка стратэгіі ўкраінскага прэзідэнта будуецца на тым, што Украіне дадуць зялёнае святло на ўступ у Альянс. Але што, калі гэтага не адбудзецца? Ці не разбураюцца тады астатнія пункты плану, у тым ліку і няядравае стрымліванне?
Ваенны аналітык Ян Матвееў падкрэслівае, што трэба разумець адну рэч: краіну ў стане вайны у Альянс ніхто не прыме.
«І нават калі будуць нейкія дарожныя карты, падпісаныя дакументы і г.д., Пуцін і ягоныя сябры будуць разумець, што гэта ўсё «на потым». Таму не думаю, што само па сабе гэтае запрашэнне ў NATO неяк спужае Пуціна», – кажа ваенны эксперт.
У той жа час, лічыць Дмытро Грамакоў, калі нават Украіне адмовяць у прыняцці ў Альянс, то план перамогі Зяленскага пры гэтым не разбураецца, бо «на іншым баку вагаў ляжыць ядравая зброя Украіны».
«І няхай свет абірае: лепей мець Украіну ў NATO, ці лепш мець Украіну як ядравую дзяржаву», – падсумаваў суразмоўца «Белсат».
Раман Шавель belsat.eu