У сектары Газа 17 кастрычніка жаўнеры Цагаль забілі Ях'ю Сінўара - лідара тэрарыстычнай групоўкі «Хамас», якога Ізраіль шукаў больш за год. Менавіта Сінўар арганізаваў беспрэцэдэнтны тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, што стала пачаткам вайны на Блізкім Усходзе. Гібель лідара «Хамасу» не азначае завяршэнне вайны на Блізкім Усходзе, але дае шанец на дээскалацыю.
Чаму гэта важна
За апошнія месяцы ў выніку серыі кропкавых аперацыяў былі зліквідаваныя шмат прадстаўнікоў найвышэйшага кіраўніцтва тэрарыстычных груповак, якія ваююць з Ізраілем. У прыватнасці, восенню ў Бейруце пры авіяўдарах загінуў лідар «Хізбулы» Хасан Насрала, а потым ягоны пераемнік Сафі ад-Дын. Улетку ў Тэгеране быў забіты старшыня палітбюро «Хамас» Ісмаіл Ганія, а ў сектары Газа - кіраўнік баявога крыла арганізацыі Махамед Дэйф. Аднак нават на фоне гэтых гучных ліквідацыяў гібель Ях’ю Сінўара стаіць асабняком.
Ях’я Сінуўар нарадзіўся ў 1962 годзе ў лагеры ўцекачоў у Хан-Юнісе, што ў сектары Газа. У 80-х далучыўся да групоўкі «Хамас», а ў 1987-м стварыў і ўзначаліў аддзел унутранай бяспекі арганізацыі - «Мадж». «Мадж» чыніў тэрор супраць палестынцаў, якіх западозрылі ў супрацы з Ізраілем або «парушэнні маралі». Сінўар асабіста прымаў удзел у бязсудных расправах. Ізраільскія ўлады арыштавалі яго і ў 1989-м пакаралі пажыццёвым зняволеннем за забойства 12 палестынцаў.
Сінўар прасядзеў у ізраільскай турме больш за 22 гады. У 2011-м у рамках «здзелкі Шаліта» яго адпусцілі: тады Ізраіль аддаў больш за тысячу палестынскіх вязняў узамен на аднаго палоннага жаўнера Цагаль Гілада Шаліта. Пасля вяртання ў сектар Газа Сінўар амаль адразу быў уключаны ў палітбюро «Хамасу», а праз некалькі гадоў стаў кіраўніком руху. За сваю жорсткасць і бязлітаснасць (у тым ліку адносна сваіх праціўнікаў унутры «Хамасу») ён атрымаў мянушку «мяснік з Хан-Юнусу».
Менавіта Сінўар спланаваў і арганізаваў у 2023 годзе тэрарыстычны напад на Ізраіль, у выніку якога былі забіты 1200 чалавек і выкрадзены каля 250. Тэракт 7 кастрычніка запусціў у рэгіёне ланцуговую рэакцыю. У адказ Ізраіль распачаў ваенную аперацыю супраць «Хамасу» ў сектары Газа. На баку «Хамасу» выступіла ліванская «Хізбула» і еменскія хусіты, якіх падтрымлівае Іран. ЗША і іх саюзнікі ў сваю чаргу пачалі наносіць удары па хусітах, што блакуюць суднаходства ў Чырвоным моры, і дапамаглі Ізраілю адбіць дзве масштабныя паветраныя атакі Ірану.
Такім чынам, дзеянні Сінўара справакавалі вайну і паставілі рэгіён перад шырокамасштабнага канфлікту. Увесь гэты час ён заставаўся ў сектары Газа: хаваўся па глыбокіх тунэлях і бункерах, адкуль працягваў кіраваць «Хамасам».
Вялікі поспех і вялікая развілка
«Мяснік з Хан-Юнусу» загінуў не праз спецаперацыю Ізраілю, а ў выніку выпадковага баявога сутыкнення. 17 кастрычніка падчас руціннага патрулявання заходняй часткі гораду Рафах вайскоўцы Цагаль наткнуліся на групу падазроных асобаў, якія адкрылі па жаўнерам агонь. У адказ ізраільцяне абстралялі з танку будынак, дзе баевікі хаваліся. Сярод загінулых апазналі Сінўара, што пазней пацвердзіла ДНК-экспертыза. Чаму ён вырашыў выбрацца на паверхню са свайго бункера - невядома. Ёсць версія, што галоўны тэрарыст хацеў уцячы ў Егіпет.

Забойства Сінўара - гэта найбуйнейшы поспех Ізраілю з пачатку вайны. Адна з мэтаў ваеннай кампаніі такім чынам дасягнута, галоўныя арганізатары тэракту 7 кастрычніка зліквідаваныя. Страта Сінўара - гэта вялізарны ўдар па «Хамасу», які і без таго абяскроўлены шматмесячнай аперацыяй Цагаль у сектары Газа. У хамасаўскай сістэме роля Сінўара была выключнай. Ён быў жывым сімвалам бескампраміснай барацьбы з Ізраілем і ягоная гібель напэўна адаб’ецца на баявым духу тэрарыстаў.
Разам з тым, ліквідацыя «мясніка з Хан-Юнусу» не азначае аўтаматычнага завяршэння вайны ні ў сектары Газа, ні на Блізкім Усходзе ў цэлым. У руках баевікоў «Хамас» застаецца каля сотні ізраільскіх закладнікаў. Наземная аперацыя Ізраілю ў паўднёвым Ліване працягваецца і ў «Хізбулы» часам атрымліваецца наносіць Цагалю адчувальныя страты. А праблема адказу Ізраіля на паветраную атаку, якую Іран учыніў 1 кастрычніка 2024 году, дасюль не развязаная - пагроза пашырэння канфлікту цалкам рэальна.
Аднак гібель Сінўара ўсё-такі падарыла шанец на агульную дээскалацыю. Цяпер бакі канфлікту аказаліся перад лёсавызначальнаю развілкай.
Акно магчымасцяў
Паводле звестак «The Washington Post», адміністрацыя Джо Байдэна разлічвае, што забойства Сінўара паспрыяе завяршэнню вайны ў сектары Газа.
Вашынгтон пры пасрэдніцтве Егіпту і Катару ўжо даўно лабіруе заключэнне здзелкі паміж Ізраілем і «Хамасам», якая прадугледжвае вызваленне закладнікаў і вывад Цагаль з палестынскага анклаву. Мірны план Байдэна ў чэрвені быў ухвалены на ўзроўні Рады Бяспекі ААН, але адразу сутыкнуўся з сабатажам: «Хамас» выставіў яўна непрымальныя ўмовы.

Сінўар, які прытрымліваўся жорсткай лініі і не быў зацікаўлены ў завяршэнні вайны, успрымаўся ў Вашынгтоне як галоўная перашкода на шляху да мірнага пагаднення. Цяпер яго няма і пазіцыя «Хамасу», магчыма, стане больш гібкай. CNN, спасылаючыся на настроі сярод амерыканскіх чыноўнікаў, называе гэта «рэдкай магчымасцю заключыць перамір’е».
Пытанне ў тым, хто цяпер будзе прымаць рашэнні. Ліванскі тэлеканал LBCI паведамляе, што выканаўцам абавязкаў Сінўара стане Халед Машаль. Назваць яго «голубам», канешне, нельга: Ізраіль лічыць, што Машаль таксама нясе адказнасць за тэракт 7 кастрычніка. Але ён жыве ў Катары і лічыцца прадстаўніком катарскага лагеру ў кіраўніцтве «Хамасу» (Сінўар і Ганія былі выразна праіранскімі), а ўлады Катару як раз дапамагаюць ЗША ў прасоўванні мірнай здзелкі. То бок з пункту гледжання перамоваў фігура Машаль выглядае не безнадзейна.
Праўда, як зазначыў у размове з WP адзін арабскі чыноўнік, няма яснасці наконт таго, што ўвогуле засталося ад «Хамасу» на 13-м месяцы канфлікту. Незразумела, ці здолее Машаль з Катару дыстанцыйна кантраляваць дзеянні групоўкі і ці не будзе ключавую ролю ў сектары Газа адыгрываць брат «мясніка з Хан-Юнуса» - Мохамад Сінўар. Паводле CNN, у такім выпадку жорсткі курс «Хамасу» захаваецца.

Выданне «The Times of Israel» у сваім аналітычным артыкуле звяртае ўвагу на атамізацыю «Хамасу»: ва ўмовах наземнай аперацыі Цагаль многія ячэйкі баевікоў вымушаны былі дзейнічаць і выжываць паасобку. Гэта можа стаць праблемай пры вызваленні закладнікаў.
«Ніколі не было ясна, ці змог бы сам Сінўар сабраць усіх закладнікаў у Газе, нават калі б ён хацеў заключыць пагадненне. Пераемніку з меншым аўтарытэтам і ўладай будзе яшчэ складаней гэта зрабіць, - піша выданне, - І не абавязкова будзе адзін пераемнік. Амаль год падзелены геаграфічна, «Хамас» можа дэградаваць у апалчэнне, якое кіруецца мясцовымі камандзірамі, кожны з якіх утрымлівае некалькі закладнікаў і высоўвае свае ўласныя патрабаванні».
Адначасова «The Times of Israel» канстатуе, што смерць Сінўара ўсё-ткі адчыніла акно магчымасцяў. Некаторыя дэмаралізаваныя баевікі, імаверна, захочуць скласці зброю і ўцячы.
Цяпер у публічнай прасторы гучаць прапановы абвесціць амністыю для тых баевікоў, хто пагодзіцца перадаць Ізраілю закладнікаў.
Калі мірнае пагадненне ўсё-ткі атрымаецца заключыць, то гэта дасць шанец на дээскалацыю канфлікту Ізраіля з «Хізбулой» і хусітамі, бо ўмовамі спынення агню з боку гэтых груповак было як раз завяршэнне аперацыі Цагаль у сектары Газа.
Два шляхі Нэтаньягу
«Пасля знікнення Сінўара наступны крок Ізраілю мусіць быць вырашальным», - рэдакцыйны артыкул з такім загалоўкам апублікавала 18 кастрычніка аўтарытэтнае ізраільскае выданне «The Jerusalem Post».
Цяпер сапраўды шмат залежыць ад наступнага кроку кіраўніцтва Ізраілю. Урад Бэньяміна Нэтаньягу стаіць перад выбарам: абвесціць аб перамозе ў вайне ў сектары Газа і дамаўляцца толькі пра вызваленне закладнікаў або павысіць стаўкі і працягнуць вайну да поўнага знішчэння «Хамасу».

Раней Нэтаньягу і ягоныя прыхільнікі неаднаразова заяўлялі, што менавіта поўнае знішчэнне «Хамасу» з'яўляецца адной з галоўных мэтаў вайны ў сектары Газа. Падобна на тое, што цяпер склалася найбольш спрыяльныя за ўвесь часы ўмовы, каб гэтага дамагчыся. Аднак праблема заключаецца ў тым, што ў Ізраіля дасюль няма плана палітычнага ўрэгулявання сітуацыі ў сектары Газа пасля завяршэння баявых дзеянняў. Хто будзе кіраваць анклавам і ў якім ён будзе статусе?
Ізраіль зачышчае тэрыторыі ад палестынскіх баевікоў, але нічога не стварае ўзамен. У выніку ўзнікае вакуум улады, які неўзабаве зноў пачынае запаўняць «Хамас», карыстаючыся лёгкім доступам да навабранцаў, шырокай сеткай тунэляў і глыбокай ўкараненнасцю ва ўсіх структурах Газы. Яны проста бяруць пад свой кантроль плыні кантрабанды і размеркаванне цывільнай дапамогі і становяцца ўладамі на месцах дэ-факта. Начальнік генеральнага штаба Арміі абароны Ізраілю Герцы Халеві вясной 2024 году адкрыта заявіў: пакуль у сектары Газа не будзе створана цывільная адміністрацыя, не звязаная з «Хамасам», Цагаль прыйдзецца зноў і зноў пачынаць кампаніі ў розных месцах анклаву, каб знішчыць інфраструктуру . «Гэта будзе сізіфава задача», – падкрэсліў тады ён.
У гэтых умовах Нэтаньягу мог бы зрабіць стаўку на вялікую шматбаковую здзелку, якая ахопіць адразу сектар Газа, Ліван і стасункі з Іранам.
«The Times of Israel» мяркуе, што Ізраіль можа даслаць Ірану паведамленне, што адказ за паветраную атаку 1 кастрычніка будзе чыста сімвалічным, калі «Хізбула» і «Хамас» прыме ўмовы Ізраіля. Тэгеран, чые проксі церпяць паразу, можа пагадзіцца на гэта пры ўмове, што Ізраіль не стане дабіваць «Хізбулу». Падобная здзелка будзе выгадная і адміністрацыі Байдэна, бо прадухіліць пашырэнне вайны і не дапусціць рост цэнаў на нафту, што вельмі важна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Аднак не факт, што Нэтяньягу на гэта пойдзе. Пасля апошніх поспехаў спакуса ўзмацніць ваенны ціск, імаверна, будзе вельмі вялікай.
Глеб Нержын belsat.eu