Праўладны блогер, які «пасадзіў» знакамітага беларускага праваабаронцу і падвёў пад палітычны пераслед шмат беларусаў, хутка апынецца ў калоніі сам.
Гэта ўжо сёння Яўгена Катлярова беларусы ведаюць як знакамітага правакатара з сацыяльных сетак, які неаднаразова рабіў укіды беларускім незалежным журналістам і правакаваў звычайных беларусаў. У сацсетках Яўген Катляроў выступаў пад нікам «Евгений какой-то», часцяком пісаў пад пастамі беларусаў (звычайна тых, хто выступае супраць рэжыму) абразлівыя каментары, хлуслівую інфармацыі і чакаў, калі чалавек на іх адкажа і тым самым парушыць закон, да прыкладу, публічна абвінаваціўшы ці абразіўшы Лукашэнку ці ягоны рэжым… А гэта, як мы ўжо ведаем, падстава для ўзбуджэння палітычна-матываванай крымінальнай справы.
Колькі асобаў Катляроў падвёў пад палітычны пераслед сваймі ўчынкамі, ніхто дакладна не ведае. Але вось што цікава. Не мінула і некалькі гадоў, як сам Катляроў апынуўся ў кайданках.
30 верасня ў раскладзе суда Навабеліцкага раён Гомля з’явілася імя таго самага праўладнага блогера-правакатара. На гэты дзень быў прызначаны пачатак разгляду крымінальнай справы супраць Яўгена Катлярова, якога абвіначвалі – увага! – у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і абразе прадстаўніка ўлады паводле палітычных крымінальных артыкулаў 369 і 369-1. Прытым суддзю для Катлярова абралі не абы-якога, а Генадзя Калацэя, якога нядаўна на пасаду прызначыў сам Лукашэнка.
Гэтак сталася, што ў 2023 годзе Катляроў быў не задаволеным дзеяннямі мясцовай улады і іх «законнасцю», што, зразумела, прыцягнула да яго ўвагу гэтак званых праваахоўнікаў і прывяло спачатку да пераследу, а потым і да змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання. У пачатку 2024 года пад ціскам дзяржаўных органаў яму нават давялося ачысціць сваю знакамітую старонку ў Facebook. А ўжо ўвесну Катлярова пасля публікацыі некалькіх відэа, дзе ён крытыкаваў дзеянні чыноўніка Гомельскага аблвыканкаму Андрэя Бараноўскага, арыштавалі і абвінавацілі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства.

Прыйшоў час памяняцца ролямі
Як стала вядома выданню «Флагшток», па выніках закрытага суда Катлярову ўжо вынеслі прысуд – і гэта 1,5 года калоніі агульнага рэжыму з максімальна магчымых 4 гадоў.
Такі вось бумеранг. І каб ён быў максімальна завершаным, пракаментаваць суд і вырак Катлярову мы папрасілі ягонага земляка – знакамітага праваабонцу з Гомельшчыны Леаніда Судаленку, які менавіта на падставе ілжывых паказанняў Катлярова быў вымушаны правесці ў зняволенні некалькі гадоў свайго жыцця. Паводле крымінальнага артыкулу 342 нібыта за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх у 2021-м Леаніду Судаленку прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі з адбыццем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«Гэтага чалавека я ведаю як правакатара і праўладнага блогера. Ён заўседы раптоўна з’яўляўся на дэмакратычных акцыях і ўсяляк правакаваў іх удзельнікаў. Што датычыць ягонай хлусні супраць мяне, то як толькі мяне затрымалі, ён даў паказанні амаль адразу. Я яшчэ быў у ІЧУ, справа нават не была яшчэ ўзбуджаная, а ён ужо сядзеў ў Цэнтральнай управе гомельскага Следчага камітэту і даваў супраць мяне паказанні», – каментуе праваабаронца.
Паводле Катлярова, Судаленка за грошы Злучаных Штатаў Амерыкі нібыта арганізоўваў акцыі пратэстаў у Гомлі і нават быў галоўным арганізатарам пратэстаў ува ўсёй Гомельшчыне.
«Прытым гаварыў ён такімі словамі, якіх, мне падаецца, і сам ніколі не ведаў. Карацей, адказна агучыў метадычку афіцыйных уладаў, – згадвае праваабаронца. – Дзіўным было тое, што свае паказанні ён даў на стадыі следства, а на суд не з’явіўся, нават калі я заявіў хадайніцства, каб ён усе ж узяў удзел у судовых пасяджэннях. Проста ўявіце: сведка не назваў нават крыніцы сваёй пра мяне абвінаваўчай інфармацыі, а мяне праз яе асудзілі. У прававой дзяржаве такія «сведчанні» не маглі стацца рэальнаю нагодаю для выраку. Тым не менш і суд першай інстанцыі, і апеляцыйныя інстанцыі, якія, дарэчы, былі закрытыя і прайшлі без мяне і майго адваката, не палічылі патрэбным вызваць Катлярова і праверыць ягоныя крыніцы інфармацыі. Яго проста схавалі ў камандзіраванні».
Ужо пачас адбывання пакарання Леанід Судаленка падаў супраць Катлярова заяву ў Генеральную пракуратуру, каб там супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за ілжэсведчанне. Генпракуратура ў адказ вынесла пастанову, што ў дзеяннях Катлярова няма складу крымінальнага злачынства.
Атрымліваецца, чалавек, які правакаваў беларусаў на «палітычныя» злачынствы, сам цяпер асуджаны паводле «палітычнага» артыкулу. І гэта значыць, што тэхнічна гэты чалавек – прэтэндэнт на статус «палітвязня». Ці пойдуць на гэты крок беларускія праваабаронцы?
«Безумоўна, беларуская праваабарончая супольнасць будзе прызнаваць яго палітвязнем, незалежна ад таго, што ён рабіў да гэтага, – адказвае на гэтае пытанне Леадін Судаленка. – Але ж у мяне, як у чалавека, які праз ілжывыя паказанні Катлярова адседзеў тры гады за кратамі, ёсць да яго пытанні. Як толькі ў нашую краіну вернуцца закон і законнасць, я, безумоўна, буду прэтэндаваць на тое, каб Катляроў панёс адказнасць за тое, што учыніў супраць мяне».
Надзея Вольная belsat.eu