Збор для беларускага музыкі Аляксандра Памідорава, які ён абвясціў праз дрэнны стан здароўя, закрылі за тры гадзіны і нават перавысілі суму, якую пазначыў музыка.
«Лічба дня: 180 хвілінаў. Столькі спатрэбілася, каб сабраць больш за € 3500 для Аляксандра Памідорава, які перажывае не найлепшы час у эміграцыі і “зарабіў” сабе хваробы на будоўлях. Моц нашай салідарнасці чарговы раз зачароўвае мяне. Дзякуй усім, хто далучыўся!» – расказаў сузаснавальнік «BYSOL», дзе і быў адктыты збор, Андрэй Стрыжак.
Аляксандр Памідораў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў снежні 2021 года. Ён захварэў на двухбаковы сярэдні атыт, праз што не чуе нармальна. Таксама ў музыкі выявілася праблема з суставамі. Гэта вымусіла яго прасіць дапамогі, бо і выступаць, і выконваць фізічную працу стала немагчыма.
У аб’яве збору патрэбная сума была пазначаная як € 3000. На момант публікацыі ўдалося сабраць амаль € 4,2 тысячы.
Арсен Рудэнка belsat.eu