Беларус Дзмітрый Лукомскі разам з жонкаю Віялетаю Майшук ужо некалькі месяцаў застаюцца ў лагеры для ўцекачоў у Славаччыне, дзе яны разам папрасілі прытулку. Мужчына неаднаразова апавядаў у медыях пра кепскія ўмовы ў лагеры. У пятніцу, 18 кастрычніка, Дзмітрый патэлефанаваў журналісту «Белсату» і паведаміў, што яго забрала паліцыя са словамі «збірай рэчы, ты сюды больш не вернешся».
«Прыйшлі падчас размовы з юрысткай – яна была ў шоку»
Размаўляем з Дзмітрыем, пакуль яго вязуць у паліцэйскай машыне ў аддзяленне.
,,«Да мяне ў лагер сёння прыехала юрыстка, якая ўзялася дапамагаць у маёй справе. Мы сядзелі размаўлялі, калі па мяне прыйшла паліцыя. Мне загадалі: «Збірай рэчы, бо ты сюды больш не вернешся», ‒ апавядае беларус.
Дзмітрый не ведае, у чым дакладна яго вінавацяць, як і свайго далейшага лёсу, аднак, мяркуе, што арышт звязаны з даўнім канфліктам з дырэктаркаю лагеру, бо паліцыю выклікала менавіта яна.
«Я адкрыта казаў пра ўсё, што адбываецца ў лагеры, пісаў скаргі. У панядзелак праз мае скаргі сюды мусіць прыехаць маніторынгавая служба ААН. Дырэктарка за мае спробы прыцягнуць увагу і раней выклікала на мяне паліцыю, яна казала, што я паводзіў сябе агрэсіўна. У нас быў канфлікт праз тое, што нам не выдалі гігіенічнага набору. Яна напісала на мяне заяву, што я нібыта перашкаджаў ёй зачыніць дзверы», ‒ зазначае Дзмітрый.
Паводле беларуса, падчас ранейшых выклікаў паліцыянты размаўлялі з ім, фіксавалі скаргі, але на рукі не выдалі ніякіх папераў, абяцалі пазней даслаць пераклады, але Дзмітрый дасюль нічога не атрымаў.
Гэтым разам беларуса арыштавалі.
,,«У момант маёй размовы з юрысткай. Яна была ў шоку. Едзе цяпер сваёй машынай за намі», ‒ адзначыў мужчына
Дзмітрый мяркуе, што яго наўрад ці дэпартуюць, аднак могуць пратрымаць у турме, пакуль міграцыйная служба не прыме рашэння ў справе прашэння беларусаў аб прытулку – гэта можа заняць некалькі месяцаў і больш.
Мужчына выклаў на сваёй старонцы ў Facebook відэа, запісанае па дарозе ў пастарунак. Беларус кажа, што яго арыштавалі за барацьбу за правы і за тое, што ён указаў на шматлікія парушэнні ў лагеры, у тым ліку карупцыю.
«Прашу дапамогі ў грамадства звярнуць на гэта ўвагу і хутчэй вызваліць мяне. У тым ліку заклікаю Святлану Ціханоўскую і ейны кабінет аб дапамозе», ‒ кажа Дзмітрый у відэа.
Шукалі прытулак ‒ трапілі ў ІЧУ?
Дзмітрый Лукомскі з’ехаў з Беларусі ва Украіну, пасля таго як у 2020 годзе неаднаразова пабываў у ІЧУ за «палітыку» і зазнаў там здзекі і катаванні.
З Украіны ўлетку 2024-га разам са сваёй дзеўчынай Віялетай Майшук паехаў у Славаччыну, дзе яны разам папрасілі прытулку. З’язджаць пастанавілі, бо Львоў, дзе яны жылі, перастаў быць бяспечным – там здараецца ўсё больш абстрэлаў, а таксама праз тое, што ў Віялеты неўзабаве сканчаецца тэрмін беларускага пашпарта. Вярнуцца ў Беларусь пара не можа – абое былі ўдзельнікамі «гомельскага крыла» кампаніі «Краіна для жыцця». Супраць Віялеты Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў межах спецыяльнага вядзення за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.
У Славаччыну паехалі, бо з часовым дазволам на жыхарства ва Украіне туды можна было трапіць без візы, якіх у маладзёнаў не было.
У Славаччыне беларусы жывуць у лагеры для ўцекачоў, які Дзмітрый параўноўваў з ІЧУ. Беларускім уцекачам не дазвалялася пакідаць тэрыторыю лагеру, прыносіць звонку прадукты. Мясцовая ежа была кепская, у маладзёнаў пачаліся праблемы са страўнікамі. Беларусы адстойвалі свае правы, дамагліся паляпшэння харчавання і дазволу выходзіць з лагеру.
У пачатку верасня беларусаў перавялі ў іншы, адкрыты лагер, дзе ўмовы, паводле Дзмітрыя, аказаліся яшчэ горшыя, чымся ў закрытым.
Марыя Міхалевіч belsat.eu